9 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Беларусь зацікаўлена ў павелічэнні здабычы нафты ў Венесуэле да 2-3 млн т у год. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка ў праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь-1", паведамляе БЕЛТА.Венесуэла - самая багатая на нафту краіна. "Яны дзесьці крыху марнатраўна ставіліся да пытання здабычы нафты: знізіліся на радовішчы аб'ёмы здабычы - ідзі на іншае. Але там застаецца шмат нафты, - расказаў Уладзімір Сямашка. - Мы ажывілі свідравіны і гады тры-чатыры таму здабывалі каля 1 млн 200 тыс. т нафты. На жаль, цяпер аб'ёмы ўпалі. Будзе дзесьці 830-840 тыс. т".
Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні праектаў у галіне нафтаздабычы ў Венесуэле, падкрэсліў віцэ-прэм'ер. "Мы гатовы павялічваць аб'ёмы і да 2-3 млн т у год на гэтых былых ва ўжытку свідравінах, але пры захаванні нашых інтарэсаў, - заявіў ён. - Пры гэтым мы зацікаўлены ў тым, каб выйсці на радовішчы і самім здабываць нафту. І з іншага боку, гатовы дапамагчы Венесуэле ў меру сваіх сіл і магчымасцей".
Яшчэ адна перспектыўная сфера супрацоўніцтва - сельская гаспадарка. Венесуэла штогод імпартуе прадуктаў харчавання на $10 млрд у год. Беларусь можа дапамагчы не толькі з пастаўкамі сельгаспрадукцыі, але і падзяліцца тэхналогіямі. У якасці прыкладу Уладзімір Сямашка прывёў пілотны праект па будаўніцтве беларусамі ў Венесуэле аграгарадка. Праект рэалізаваны на трэць. "Я перакананы, што гэта будзе паспяховы праект. Потым павінны пайсці яшчэ 3-5 праектаў, і месцы ўжо вызначаны, дзе можна развіваць і будаваць магутныя сельгаспрадпрыемствы, якія дапамаглі б вырашаць праблему харчовай бяспекі Венесуэлы", - адзначыў ён.
Акрамя таго, Беларусь разлічвае на далейшы ўдзел у праграме будаўніцтва жылля ў Венесуэле.