28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Беларусь на працягу года паставіць у Кітай ялавічыны на $20 млн. Гэта прадугледжана пратаколам аб намерах супрацоўніцтва паміж кітайскімі кампаніямі і прадстаўнікамі беларускіх прадпрыемстваў, які сёння падпісаны ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.Подпісы пад дакументам з беларускага боку паставілі прадстаўнікі ААТ "Бярозаўскі мясакансервавы камбінат", "Пінскі мясакамбінат" і "Брэсцкі мясакамбінат". З боку партнёраў - генеральны дырэктар кітайскай гандлёва-інвестыцыйнай кампаніі мясной прамысловасці "Вялікі Шаўковы шлях" Чжан І.
Як растлумачыў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання
Аляксей Багданаў, з 24 ліпеня прадстаўнікі бізнес-колаў КНР, зацікаўленыя закупляць ялавічыну ў Беларусі, наведалі Брэсцкі, Гродзенскі, Магілёўскі, Пінскі мясакамбінаты, а таксама Бярозаўскі мясакансервавы камбінат. Па выніках візіту дасягнуты шэраг дамоўленасцей на пастаўку прадукцыі на кітайскі рынак. У прыватнасці, кіраўніцтву Бярозаўскага мясакансервавага камбіната паступіла прапанова ў бліжэйшы час пачаць пастаўкі на рынак КНР. Бакі выказалі намеры заключыць рамачны кантракт і пачаць работу над спецыфікацыяй. Наведваючы Брэсцкі мясакамбінат, прадстаўнікі кітайскага боку выказалі гатоўнасць набываць і перапрацоўваць ялавічныя косці. Яны згодны прадаставіць уласную тэхналогію абвалкі. Пінскаму мясакамбінату кітайскія бізнесмены прапанавалі павялічыць аб'ёмы вытворчасці ялавічыны за кошт стварэння СП. Партнёры таксама гатовы наладзіць тэхналогію вытворчасці халяльнай прадукцыі на камбінаце, сумесна распрацоўваць рэцэптуры і прадаваць прадукцыю на кітайскім рынку.Аляксей Багданаў адзначыў, што рынак КНР быў адкрыты для беларускай ялавічыны нядаўна. Беларусь пастаянна запрашае кітайскія бізнес-дэлегацыі, каб прапрацаваць лагістычную схему паставак, спецыфіку разбірання мяса, прааналізаваць смакавыя густы спажыўцоў. Цяпер сертыфікаваны для экспарту ялавічыны ў Кітай 8 беларускіх мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў, прадаўжаецца работа над сертыфікацыяй іншых. Акрамя таго, плануюцца пастаўкі ў КНР мяса птушкі. Адбылася першая інспекцыя беларускіх прадпрыемстваў, падпісаны мемарандум аб сертыфікацыі мяса птушкі і доступу на кітайскі рынак. Прадстаўнік Мінсельгасхарча выказаў надзею на паспяховае супрацоўніцтва з кітайскімі партнёрамі ў цэлым па мясным напрамку. Сваю пазіцыю ён пацвердзіў прыкладам узаемадзеяння ў пастаўках малочнай прадукцыі ў Кітай. Так, у 2016 годзе былі сертыфікаваны 36 беларускіх малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў. За пяць месяцаў 2017-га аб'ём экспарту малочнай прадукцыі з Беларусі ў КНР дасягнуў
$2 млн, што ў 72 разы вышэй за ўзровень мінулага года.Генеральны дырэктар кампаніі "Сіна-Трэйд" Ма
Чжыюань па выніках візіту на пяць беларускіх мясакамбінатаў заявіў журналістам, што ўсе гэтыя прадпрыемствы вельмі высокага ўзроўню з адпаведнай культурай вытворчасці. "Тавар, які вырабляецца ў Беларусі, - якасны. Кампанія "Сіна-Трэйд" працуе ўжо тут і за апошнія паўгода сумесна з Бярозаўскім мясакансервавым камбінатам і Пінскім мясакамбінатам ажыццявіла пастаўкі замарожанай ялавічыны на рынак краін Паўднёва-Усходняй Азіі прыблізна на $1 млн", - расказаў ён.Ма Чжыюань таксама канстатаваў высокі попыт на ахалоджаную ялавічыну, аднак пакуль востра стаіць пытанне тэрмінаў захоўвання такой прадукцыі пры ўмове неабходнасці яе транспарціроўкі на значныя адлегласці. Зрэшты, спецыялісты займаюцца яго вырашэннем, таму кіраўнік "Сіна-Трэйд" выказаў надзею, што ў недалёкім будучым і ахалоджаная беларуская ялавічына з'явіцца на кітайскім рынку.