4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь выступае за недыскрымінацыйныя падыходы да цэн пры фарміраванні агульных энергетычных рынкаў Еўразійскага эканамічнага саюза, заявіў сёння прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета, якое праходзіць у фармаце відэаканферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Прадаўжалася (у бягучым годзе. - Заўвага БЕЛТА) работа па фарміраванні агульных энергетычных і транспартнага рынкаў ЕАЭС, без якіх рэальная эканамічная інтэграцыя немагчыма. Завяршэнне працэсу стварэння гэтых рынкаў павінна быць спалучана з забеспячэннем недыскрымінацыйных падыходаў у галіне цэнаўтварэння, тарыфаў і доступу да паслуг натуральных манаполій", - сказаў Раман Галоўчанка.
Паводле ацэнкі прэм'ер-міністра, у гэтым годзе вялася актыўная работа над зняццем бар'ераў на ўнутраным рынку ЕАЭС - за год іх колькасць знізілася з 19 да 11. "Але ўзнікаюць новыя. Таму гэту тэму з кантролю не здымаем. Трэба разгледзець пералік выключэнняў і абмежаванняў, каб у якасці "дамашняга задання" паставіць задачу нашым дзяржаўным органам сумесна з Еўразійскай эканамічнай камісіяй забяспечыць іх зняцце ў 2021-2022 гадах. Спадзяюся, што гэта работа будзе праводзіцца больш актыўна, чым раней", - адзначыў кіраўнік беларускага ўрада.
Раман Галоўчанка ўпэўнены, што, выкарыстоўваючы перавагі ЕАЭС, ужо ў будучым годзе эканомікі краін саюза вернуцца на траекторыю росту.
Прэм'ер-міністр Беларусі звярнуў увагу ЕЭК на неабходнасць актывізаваць міжнародную работу, перш за ўсё для рэалізацыі спалучэння ЕАЭС і ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях". "Гэта будзе садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці груза- і пасажыраперавозак праз скарачэнне тэрміну мытнага кантролю і шэрага іншых працэдур, што ў канчатковым выніку прывядзе да зніжэння выдаткаў для бізнесу", - растлумачыў ён.
Беларускі бок лічыць неабходнай больш актыўную рэалізацыю мемарандума аб паглыбленні ўзаемадзеяння паміж Выканкамам СНД і Еўразійскай эканамічнай камісіяй. Вырашэнню гэтай задачы Беларусь удзеліць асаблівую ўвагу з улікам свайго старшынства ў 2021 годзе ў СНД і разлічвае на падтрымку ў гэтым пытанні Казахстана як старшынствуючага боку ў ЕАЭС. Беларусь таксама чакае хутчэйшага падпісання мемарандума паміж ЕАЭС і Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва.
Раман Галоўчанка таксама падтрымаў наданне статусу наглядальнікаў Узбекістану і Кубе і прапанаваў прадумаць спецыяльныя праграмы супрацоўніцтва з дзяржавамі - наглядальнікамі пры ЕАЭС, каб узаемадзеянне з імі стала больш прадметным.