30 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь упершыню прэзентуе экспартны патэнцыял на штогадовай міжнароднай блізкаўсходняй будаўнічай выстаўцы The Big 5 International Building & Construction Show-2015 у Дубаі (ААЭ), паведамілі БЕЛТА ў Групе кампаній "Сохра груп", якая распрацавала і прадставіць стылізаваны выставачны стэнд з шырокім асартыментам тэхнікі і тавараў беларускай вытворчасці.
Выстаўка пройдзе з 23 па 26 лістапада. Міжнародны форум збярэ сотні кампаній з усяго свету, найбольш значных рэгіянальных фірм-забудоўшчыкаў, падрадчыкаў, імпарцёраў і распаўсюджвальнікаў, а таксама прадставіць нацыянальныя экспазіцыі буйнейшых дзяржаў-экспарцёраў Усходу і Захаду.
На выставачным стэндзе Беларусі будзе прэзентаваны шырокі асартымент тэхнікі і тавараў айчыннай вытворчасці, сярод якіх такія брэнды, як БелАЗ, МАЗ-МАН, МАЗ, Белшына, Hors-Motors, Irridio, "Керамін" і іншыя.
Эксклюзіўна на выстаўцы будзе паказана мадэль усюдыхода БМЕ-1015 вытворчасці СП ЗАТ "МАЗ-МАН". "Гэта высокапраходны транспартны сродак, прызначаны для перамяшчэння ў цяжкіх дарожных умовах (па снежнай цаліне, пяску, балоцістай мясцовасці і тундры). БМЕ-1015 здольны пераадольваць і водныя перашкоды. На гэты час усюдыход прадаецца на ўнутраных рынках краін Мытнага саюза. БМЕ-1015 уяўляе сабой бескампрамісны варыянт пазадарожнай машыны", - расказалі ў "Сохра груп".
Выстаўка The Big 5 Show больш як 30 гадоў служыць дзелавой, інфармацыйнай і камунікацыйнай платформай для будаўнічай індустрыі, варотамі на будаўнічы рынак Блізкага Усходу і Афрыкі (MENА). Гэта адно з самых значных у свеце мерапрыемстваў у сваёй сферы. Выстаўка праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства энергетыкі, Дэпартамента эканамічнага развіцця і Будаўнічай асацыяцыі ААЭ. Месцам правядзення The Big 5 Show з'яўляецца Dubai International Convention and Exhibition Centre (DICEC).
Колькасць наведвальнікаў выстаўкі The Big 5 Show-2014 перасягнула 80 тыс. чалавек, не лічачы 2,8 тыс. экспанентаў з 65 краін. Агульная плошча, на якой размясцілася экспазіцыя, склала больш за 90 тыс. кв.м.
Група кампаній "Сохра груп" заснавана ў Беларусі больш як 15 гадоў таму. Асноўным напрамкам дзейнасці з'яўляецца пастаўка цяжкай прамысловасці, транспарту і будаўнічай індустрыі, аўтамабіляў, трактароў, аўтобусаў, сельгастэхнікі, прадуктаў харчавання. Прадстаўніцтва "Сохра Оверсіз", адкрытае ў СЭЗ "Джэбель Алі" ў Дубаі, з'яўляецца асноўным дылерам у краіны Блізкага Усходу і Афрыкі многіх брэндаў беларускай прадукцыі.