10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь у студзені-чэрвені 2021 года павялічыла экспарт тавараў і паслуг у параўнанні з аналагічным перыядам 2020 года на 32,7 працэнта да $22,062 млрд. Аб гэтым сведчаць даныя, апублікаваныя на сайце Нацыянальнага банка, паведамляе БЕЛТА.
Знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг за шэсць месяцаў склаў $42,399 млрд, што на 30,5 працэнта больш, чым за аналагічны перыяд 2020 года. У тым ліку імпарт склаў $20,337 млрд (рост на 28,3 працэнта). Дадатнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі склалася на ўзроўні $1,725 млрд (у студзені-чэрвені 2020 года сальда таксама было дадатным - $782,4 млн).
Знешнегандлёвы абарот тавараў вырас на 33,4 працэнта да $34,894 млрд. Экспарт тавараў павялічыўся на 37,6 працэнта да $17,228 млрд, імпарт - на 29,5 працэнта да $17,666 млрд. Сальда склалася адмоўнае ў памеры $437,3 млн (у студзені-чэрвені 2020 года яно таксама было адмоўным і складала $1,121 млрд).
Знешнегандлёвы абарот паслуг вырас на 18,8 працэнта да $7,504 млрд. Экспарт паслуг павялічыўся на 17,6 працэнта да $4,833 млрд, імпарт - на 21 працэнт да $2,671 млрд. Сальда знешняга гандлю паслугамі склалася дадатнае ў памеры $2,162 млрд (у студзені-чэрвені 2020 года дадатнае сальда складала $1,903 млрд).