17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь у 2021 годзе паставіла малочныя прадукты ў 55 краін свету. Аб гэтым паведаміў сёння міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло на міжнародным галіновым форуме "Беларусь аграрная. Малочная ферма", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы маем дастатковыя рэсурсы для забеспячэння патрэбнасці ўнутранага рынку, а таксама ажыццяўлення экспартных паставак прадукцыі. Гэта пацвярджаюць вынікі экспарту за апошнія 5 гадоў. У параўнанні з 2016 годам у 2021 годзе аб'ём экспарту малочнай прадукцыі ў вартасным выражэнні вырас на 47 працэнтаў (на $860 млн). За мінулы год экспарт малака і малакапрадуктаў склаўся ў аб'ёме $2,7 млрд, або 111,6 працэнта да ўзроўню 2020 года", - сказаў Ігар Брыло.
Самы ёмісты экспартны прадукт - сыр, ён займае 44,3 працэнта ад агульнага экспарту малочнай прадукцыі. Другую і трэцюю пазіцыю займаюць масла і натуральнамалочная прадукцыя, далей ідуць сухое абястлушчанае малако, сухое натуральнае малако і іншая малочная прадукцыя. "Беларусь экспартавала малочныя прадукты ў 2021 годзе ў 55 краін свету, пры гэтым пералік асвоеных краін папоўніўся новымі рынкамі, такімі як Кувейт (сухое абястлушчанае малако), Замбія (сухое абястлушчанае і натуральнае малако), Антыгуа (сыры). Найбольш аб'ёмныя пастаўкі малочных прадуктаў прыпалі на Расійскую Федэрацыю, Казахстан і Кітай", - адзначыў міністр.
Паводле даных Еўрапейскай камісіі, Беларусь захоўвае пазіцыі вядучага экспарцёра малочнай прадукцыі і займае 3-е месца па экспарце масла, сухой малочнай сыроваткі, 4-е - па экспарце сыру і 5-е - па экспарце сухога абястлушчанага малака.
"Да 2025 года прагназуецца тэмп росту вытворчасці малака і малочных прадуктаў на ўзроўні 124,4 працэнта да 2019 года, у тым ліку сыроў - 122,1 працэнта, масла - 110,5 працэнта, натуральнамалочнай прадукцыі - 122,2 працэнта і малочных кансерваў - 158,9 працэнта", - дадаў Ігар Брыло.
Паводле яго слоў, запланаваны рост вытворчасці малака і малочных прадуктаў дасць магчымасць забяспечыць далейшае падтрыманне харчовай бяспекі краіны і нарошчванне экспарту.
Міжнародны галіновы форум "Беларусь аграрная. Малочная ферма" праходзіць сёння ў Мінску. Мерапрыемства прысвечана тэхналогіі вытворчасці малака. На форум запрошаны спецыялісты заатэхніі, кормавытворчасці, ветэрынарыі, племянной справы, прадстаўнікі камітэтаў па сельскай гаспадарцы і харчаванні, малочных заводаў, СВК.
Таксама адбудзецца ўшаноўванне лепшых гаспадарак і прысуджэнне пераможцам прэміі "Малочная ферма класа экстра".