22 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь у бліжэйшы час атрымае шосты транш у памеры $200 млн крэдыту па лініі Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 верасня на нарадзе ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на беларуска-расійскіх перагаворах у Сочы 21 верасня абмяркоўваўся блок фінансавых праблем. Ён у прыватнасці нагадаў, што некалькі гадоў таму была дасягнута дамоўленасць аб выдзяленні Беларусі крэдытных рэсурсаў ЕФСР у агульным аб'ёме $2 млрд.
"Мы атрымалі пяць траншаў. Застаўся шосты і сёмы. Я не бачу ніякіх праблем з выдзяленнем шостага траншу, і, як было заяўлена, можна вырашыць пытанне па сёмым траншы. Усё залежыць ад таго, як перш за ўсё беларускі бок у гэтым напрамку будзе працаваць. Думаю, што гэта вырашальнае пытанне. Шосты транш Беларусь атрымае ў бліжэйшы час. Сёмы - гэта ўжо справа актыўнасці перш за ўсё беларускіх членаў урада", - заявіў беларускі лідар.