3 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь з 1 студзеня ў адказ на санкцыі ўводзіць харчовае эмбарга на шэраг тавараў з дзяржаў, якія ажыццяўляюць недружалюбныя дзеянні ў адносінах да нашай краіны. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 6 снежня 2021 года нумар 700 "Аб прымяненні спецыяльных мер адносна асобных відаў тавараў", паведамляе БЕЛТА.
Згодна з прынятым урадам рашэннем з 1 студзеня 2022 года ўводзіцца харчовае эмбарга адносна шырокага пераліку тавараў, вырабленых у краінах, якія рэалізуюць дыскрымінацыйную палітыку і ажыццяўляюць недружалюбныя дзеянні ў адносінах да нашай краіны. Забарона на ўвоз распаўсюджваецца на шэраг тавараў з Еўрапейскага саюза і яго дзяржаў-членаў, Злучаных Штатаў Амерыкі, Канады, Нарвегіі, Албаніі, Ісландыі, Паўночнай Македоніі, Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Чарнагорыі, Швейцарыі.
У пераліку забароненых тавараў - свінні, мяса буйной рагатай жывёлы, свініна, шэраг субпрадуктаў, мяса салёнае, у расоле, сушанае або вэнджанае, харчовая мука з мяса або мясных субпрадуктаў, малако і малочная прадукцыя (з некаторымі выключэннямі), агародніна, акрамя прызначаных для сяўбы, фрукты і арэхі, тлушч свіны і тлушч свойскай птушкі, тлушч буйной рагатай жывёлы, авечак або коз, лярд-стэарын і іншы жывёльны алей, каўбасы і аналагічныя прадукты, кандытарскія вырабы, соль і іншыя тавары.
"Важнейшым прыярытэтам для Беларусі па-ранейшаму застаюцца інтарэсы сваіх грамадзян. Кіраўнік дзяржавы неаднаразова арыентаваў на прыняцце мер у адказ без шкоды для насельніцтва. Па гэтай прычыне пастанова Савета Міністраў змяшчае шэраг выключэнняў, і, у прыватнасці, не закране тавары, якія ўвозяцца беларусамі для асабістага спажывання", а таксама, напрыклад, прызначаныя для дзіцячага харчавання, і шэрага іншых пазіцый крытычнага імпарту", - звярнулі ўвагу ў прэс-службе ўрада.
Адначасова будуць прыняты меры па забеспячэнні збалансаванасці на спажывецкім рынку, у тым ліку за кошт яго насычэння прадукцыяй айчыннай вытворчасці. Імпарцёры, таваравытворцы і гандлёвыя сеткі будуць арыентаваны на замяшчэнне тавараў, якія не вырабляюцца ў Беларусі, пастаўкамі з дружалюбных дзяржаў.
Таксама зацверджана палажэнне аб кватаванні ўвозу на тэрыторыю Беларусі асобных відаў тавараў.