28 верасня, Пекін /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь разлічвае выйсці на кітайскі рынак з шырокім асартыментам прадуктаў харчавання. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Цяпер адкрыты для паставак на кітайскі рынак 34 малочныя прадпрыемствы Беларусі. У прапрацоўцы яшчэ 6 прадпрыемстваў мясной галіны і адно прадпрыемства па дзіцячым харчаванні", - сказаў міністр.
Паводле яго слоў, за 2015 год Беларусь паставіла прадукцыі АПК у Кітай на суму амаль $15 млн. "Цяпер з дапамогай гэтых добрых адносін, дамоўленасцей і ў перспектыве падпісаных мемарандумаў рэальна ёсць магчымасць выйсці з нашай прадукцыяй больш шырока на кітайскі рынак. Прадукцыя якасная, карыстаецца попытам. Першыя пастаўкі прадпрыемстваў "Бабуліна крынка" і "Савушкін прадукт" даюць зразумець, што тут гэта прадукцыя запатрабавана", - адзначыў Леанід Заяц.
У Беларусь прыязджалі прадстаўнікі спецыялізаванага кітайскага ведамства з мэтай сертыфікацыі прадпрыемстваў для паставак прадукцыі. "У бягучым годзе поўнасцю сертыфікуюцца, і будзе дадзена магчымасць нашым прадпрыемствам шырока заходзіць на кітайскі рынак і па мясе, і па малаку. У лістападзе чакаюцца дазволы на пастаўкі мяса птушкі, ялавічыны, свініны", - удакладніў міністр.
"Усё, што можна вырабіць у Беларусі і што будзе запатрабавана ў Кітаі, мы, не ўшчамляючы інтарэсы нашага харчовага рынку, будзем пастаўляць на кітайскі рынак", - дадаў Леанід Заяц. Залогам поспеху ў гэтай рабоце ён назваў забеспячэнне высокай якасці прадукцыі, яе натуральнасць, зніжэнне выдаткаў і арыентацыю на запыты спажыўцоў у Кітаі.