4 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разлічвае пасля ўводу ўласнай атамнай электрастанцыі павялічыць экспарт электраэнергіі на агульны электраэнергетычны рынак Еўразійскага эканамічнага саюза. Аб гэтым паведаміла намеснік міністра энергетыкі Вольга Пруднікава на прэс-канферэнцыі да Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму ў прэс-цэнтры БЕЛТА.
"Цяпер фарміруецца агульны электраэнергетычны рынак у рамках ЕАЭС, дагавор аб стварэнні рынку павінен быць падпісаны да 1 ліпеня 2019 года. Пасля ўводу атамнай станцыі мы павялічым магчымасці свайго экспартнага патэнцыялу - як у цэлым энергетычная галіна, так і суб'екты гаспадарання, якія па пэўных крытэрыях будуць мець магчымасць выхаду на агульны электраэнергетычны рынак саюза", - адзначыла Вольга Пруднікава, адказваючы на пытанне аб перспектывах экспарту электраэнергіі, выпрацаванай на АЭС.
Беларусь праводзіць шматвектарную палітыку па пытаннях паставак электраэнергіі на знешнія рынкі. Намеснік міністра звярнула ўвагу, што краіна паспяхова гандлюе электраэнергіяй на прыбалтыйскім рынку праз біржу Nord Pool. "З пачатку года Беларусь набліжаецца ўжо да аб'ёму паставак амаль 800 млн кВт.гадз", - паведаміла намеснік міністра.
Гаворачы аб перспектывах заключэння доўгатэрміновых кантрактаў на экспарт электраэнергіі з БелАЭС, Вольга Пруднікава растлумачыла, што аб гэтым пакуль гаварыць дачасна. "Я спадзяюся, што дамоўленасці, усе прымаемыя намі дзеянні дадуць магчымасць гэтыя кантракты ўжо мець да таго моманту, калі мы наблізімся да ўводу атамнай станцыі", - сказала яна.
Намеснік міністра пацвердзіла, што першы энергаблок будзе ўведзены да канца 2019 года. "Цяпер будаўнічыя работы ідуць інтэнсіўнымі тэмпамі, задзейнічаны беларускія і расійскія арганізацыі", - удакладніла яна. Ідзе падрыхтоўка беларускай энергасістэмы да інтэграцыі ў яе БелАЭС.
Беларуская АЭС будуецца па расійскім праекце з рэактарамі ВВЭР-1200 паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першая пастаўка ядзернага паліва на станцыю запланавана да канца 2018 года.