6 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на істотнае нарошчванне тавараабароту з Кастрамской вобласцю, заявіла міністр інфармацыі, кіраўнік рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Кастрамской вобласці Расіі Лілія Ананіч у час рабочай нарады з губернатарам вобласці Сяргеем Сітнікавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Калі гаварыць аб нашых эканамічных поспехах за мінулы год, мы не можам быць задаволены. Ва ўсякім выпадку беларускі бок лічыць, што патэнцыял супрацоўніцтва ў Беларусі і Кастрамской вобласці значна вышэйшы, чым тыя больш як $77 млн, якія мы маем у нашым гандлёва-эканамічным партнёрстве", - сказала Лілія Ананіч. Яна выказала надзею, што візіт дэлегацыі з Кастрамской вобласці, маючыя адбыцца сустрэчы дадуць магчымасць актывізаваць узаемадзеянне па многіх аспектах.
Напярэдадні візіту дэлегацыі адбылося пасяджэнне беларускай часткі рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Кастрамской вобласці. Быў дэталёва прааналізаваны патэнцыял двухбаковага ўзаемадзеяння. Паводле слоў міністра, існуючыя аб'ёмы ў сферы прамысловай кааперацыі могуць быць больш істотнымі.
Пытанні, звязаныя з напаўненнем гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, абмяркоўваліся ва ўрадзе з удзелам профільных міністэрстваў, у тым ліку Міністэрства прамысловасці, Міністэрства сельскай гаспадаркі, Нацыянальнай акадэміі навук. Практычна кожнае міністэрства мае пакет узаемных інтарэсаў. У прыватнасці, у беларускага боку ёсць цікавыя прапановы па лініі "Белдзяржхарчпрама", "Беллегпрама". Ёсць патэнцыял у развіцці супрацоўніцтва ў аграрнай галіне, у сферы будаўніцтва. Паводле слоў Ліліі Ананіч, бакам важна арганізаваць інфармацыйны абмен на сістэмным узроўні, паведамляць аб запланаваных праектах, аб наяўнасці патрэбнасці ў тых ці іншых прадуктах.
Міністр таксама канстатавала, што візітам дэлегацыі Кастрамской вобласці закладваюцца асновы доўгатэрміновага супрацоўніцтва. У сувязі з гэтым хацелася б, каб у дакументах, якія будуць падпісаны ў мэтах развіцця міжурадавага пагаднення, з двух бакоў былі абазначаны канкрэтныя пазіцыі. Гэта дасць магчымасць узяць за аснову пэўны напрамак і сур'ёзна з ім папрацаваць.
У цэлым, паводле слоў Ліліі Ананіч, Беларусь надае вялікае значэнне развіццю супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі. У 2016 годзе зроблены важныя крокі па ўмацаванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, адбыўся шэраг кантактаў, ёсць добрыя напрацоўкі. "Мы знайшлі тыя праекты, праграмы, якія могуць быць эфектыўнымі як для беларускага боку, так і для Кастрамской вобласці", - сказала міністр.
Сяргей Сітнік адзначыў, што Беларусь выпускае вялікую колькасць прадуктаў, што з'яўляюцца імпартазамяшчальнымі з пункту гледжання паставак з Еўропы, Кітая. "Мы сёння з вялікім інтарэсам паглядзелі лінейку тэхнікі, якая была прадстаўлена на прадпрыемстве "Амкадор", - сказаў губернатар. Ён дадаў, што вобласць зацікаўлена ў беларускай тэхніцы, прычым можна разлічваць на сур'ёзную праграму.