12 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь разлічвае, што ў 2017 годзе ў ходзе расійскага старшынства ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў удасца ўстараніць рознагалоссі бакоў і падпісаць пагадненне аб свабодным гандлі паслугамі. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на пасяджэнні Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД пры статутных і іншых органах Садружнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ацэньваючы перспектывы функцыянавання СНД у 2017 годзе, міністр звярнуў увагу на эканамічны складнік узаемадзеяння. "Аснова асноў - гэта дагавор аб зоне свабоднага гандлю, у рамках якога вызначаны ўмовы перамяшчэння тавараў. У мэтах яго развіцця неабходна вырашыць задачы па фарміраванні адзінага рынку дзяржаўных закупак і стварэнні зоны свабоднага гандлю паслугамі", - падкрэсліў Уладзімір Макей.
"У сферы дзяржзакупак ёсць рух наперад - у мінулым годзе падпісаны пратакол, які вызначае этапы фарміравання агульных правіл доступу да закупак. Па паслугах ёсць пэўныя праблемы, - канстатаваў кіраўнік беларускага МЗС. - Праект пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі пакуль, шчыра кажучы, сыры. Захоўваюцца істотныя рознагалоссі бакоў. Тым не менш завяршыць гэту работу неабходна. У гэтым мы разлічваем на расійскае старшынства. Перакананы, што нашы расійскія калегі дапамогуць знайсці кампраміс, і ў 2017 годзе мы, нарэшце, выйдзем на падпісанне адпаведнага пагаднення".