5 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь ратыфікавала пагадненне аб свабодным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і яго дзяржавамі-членамі з аднаго боку і Ісламскай Рэспублікай Іран - з другога. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Мэтай пагаднення з'яўляецца стварэнне поўнафарматнай зоны свабоднага гандлю паміж дзяржавамі - членамі ЕАЭС і Іранам, што забяспечыць дыверсіфікацыю экспартных паставак за кошт зняцця тарыфных і нетарыфных бар'ераў па доступу на рынак шырокага пераліку тавараў, а таксама паляпшэння ўмоў для гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Адкрыццё іранскага рынку за кошт абнулення пошлін забяспечыць экспарцёрам Беларусі больш канкурэнтныя ўмовы паставак тавараў.
"Што гэта дае Беларусі? Для нас сёння адкрываецца рынак Ірана з усімі яго магчымасцямі і з насельніцтвам большым за 80 млн чалавек. Здымаюцца тарыфныя бар'еры. Мы можам адкрыта сёння гандляваць з Іранам, мець пры гэтым пэўныя прэферэнцыі. Мы можам сёння развіваць тэхналогіі на ўзаемавыгадным супрацоўніцтве. А па вялікім рахунку рынак Ірана ў падтрымцы з КНР гэта для нас вельмі вялікі шанц прасоўваць сваю прадукцыю, як машынабудаванне, так і прадукты харчавання, - адзначыў карэспандэнту БЕЛТА член Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Віктар Плескач. - ЕАЭС вялікае аб'яднанне. Таму мы для сябе шукаем новыя рынкі. Перад намі закрываюць вароты на Захад, але мы сабе адкрываем вароты на Усход, Азію, Афрыку. І Іран - гэта адзін з прыкладаў, як мы можам сёння працаваць".