30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У першым квартале Беларусь прыцягнула $1,3 млрд прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове, паведаміў першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль Мацюшэўскі, выступаючы на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі з дакладам на тэму "Аб рабоце эканомікі краіны і фарміраванні прыярытэтаў у яе развіцці", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Макраэканамічная збалансаванасць, крокі па паляпшэнні дзелавога і інвестыцыйнага клімату знайшлі практычную падтрымку ў нашых замежных партнёраў. За першы квартал у краіну паступіла $1,3 млрд прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове (92 працэнты гадавога прагнозу). Гэта больш, чым за ўвесь мінулы год", - заявіў першы віцэ-прэм'ер.
Інвестыцыі ў асноўны капітал у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года выраслі на 16,6 працэнта.
Васіль Мацюшэўскі падкрэсліў, што ў выніку рэалізаваных урадам і Нацыянальным банкам мер Беларусь выйшла на траекторыю росту эканомікі, захавала макраэканамічную стабільнасць і збалансаванасць. "Гэтыя тэндэнцыі падтрымліваюцца і ў 2018 годзе", - сказаў ён.
Першы намеснік прэм'ер-міністра нагадаў, што па выніках першых чатырох месяцаў ВУП прырос на 4,8 працэнта. "Гэта вышэй, чым закладзена ў прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця на бягучы год. І больш, чым рост сусветнай эканомікі. Апераджальнымі эканамічны рост тэмпамі павышаецца прадукцыйнасць працы па ВУП - 5,4 працэнта", - паведаміў ён.
Рост экспарту тавараў і паслуг па выніках першага квартала 2018 года склаў 125,7 працэнта. Забяспечана дадатнае знешнегандлёвае сальда ў памеры $315 млн.