8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прыцягне ў 2018-2023 гадах ільготны крэдыт Кітайскай Народнай Рэспублікі для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта ў суме 1,75 млрд юаняў. Такое рашэнне змешчана ў пастанове Савета Міністраў нумар 105 ад 7 лютага 2018 года, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу ўрада.
"Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь пастанавіў прыцягнуць у 2018-2023 гадах ільготны ўрадавы крэдыт Кітайскай Народнай Рэспублікі тэрмінам на 15 гадоў для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта "Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла на 2016-2032 гады" (першы этап) у суме 1 750 млн кітайскіх юаняў", - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
Гэтым жа дакументам адобраны праект крэдытнага пагаднення аб прадастаўленні льготнага ўрадавага крэдыту для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта "Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла на 2016-2032 гады" (першы этап) паміж урадам Беларусі ў асобе Міністэрства фінансаў і Экспартна-імпартным банкам Кітая ў якасці асновы для правядзення перагавораў.
Савет Міністраў упаўнаважыў міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага на правядзенне перагавораў па названым праекце і на падпісанне крэдытнага пагаднення пры дасягненні дамоўленасці ў межах адобранага праекта, а таксама дакументаў, неабходных для забеспячэння рэалізацыі гэтага пагаднення.
Пастанова прынята ў адпаведнасці з указам нумар 252 ад 18 красавіка 2006 года "Аб зацвярджэнні Палажэння аб знешніх дзяржаўных пазыках і знешніх пазыках, прыцягнутых пад гарантыі Урада Рэспублікі Беларусь" і ўступае ў сілу з дня яго прыняцця.