28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі пачала работу кансультатыўная місія Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) па пытаннях фізічнай абароны аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі (місія IPPAS), паведамілі БЕЛТА ў Дзяржатамнаглядзе.
У цэнтры ўвагі місіі - нацыянальны рэжым забеспячэння фізічнай ядзернай бяспекі ядзернага матэрыялу і ядзерных установак, сістэмы фізічнай абароны ядзернай устаноўкі, сістэмы забеспячэння фізічнай абароны ядзернага матэрыялу пры яго транспарціроўцы, інфармацыйная і камп'ютарная бяспека.
"Місія IPPAS, так як і іншыя ацэначныя місіі і партнёрскія праверкі, праводзіцца на добраахвотнай аснове і па запрашэнні Беларусі. Адпаведная падрыхтоўчая работа ў краіне была ажыццёўлена Дзяржатамнаглядам сумесна з зацікаўленымі", - адзначылі ў ведамстве.
Кіраўніком місіі IPPAS у Беларусі з'яўляецца прадстаўнік ЗША Джозэф Сандавал, у каманду таксама ўваходзяць эксперты з МАГАТЭ, Вялікабрытаніі, Францыі, Швейцарыі, Расіі, Балгарыі і Украіны. На працягу двух тыдняў яны будуць вывучаць прававыя асновы забеспячэння фізічнай ядзернай бяспекі, ліцэнзаванне і дазвольную дзейнасць у галіне выкарыстання атамнай энергіі, ажыццяўленне наглядных і кантрольных мерапрыемстваў у дачыненні да аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі, ахоўнай дзейнасці, рэагаванне на несанкцыянаваныя дзеянні, забеспячэнне фізічнай абароны ядзернага матэрыялу пры транспарціроўцы і іншыя пытанні.
Запланаваны рабочыя абмеркаванні з прадстаўнікамі беларускага боку, інтэрв'юіраванне адказных работнікаў арганізацый, уключаных у забеспячэнне фізічнай абароны, работа з дакументамі, наведванне пляцоўкі Беларускай АЭС.
Місія IPPAS завершыцца 9 ліпеня 2021 года. Па выніках яе правядзення каманда экспертаў падрыхтуе адпаведную справаздачу. "Галоўнае чаканне беларускага боку - атрымаць кампетэнтныя рэкамендацыі для ўдасканалення сістэмы фізічнай абароны аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі ў Беларусі для далейшай работы па падтрыманні на высокім узроўні стандартаў бяспекі ў нашай краіне, - адзначылі ў Дзяржатамнаглядзе. - Беларусь вядзе паслядоўную работу па запрашэнні ацэначных місій і партнёрскіх праверак, вынікі якіх становяцца асновай для распрацоўкі адпаведных нацыянальных планаў мерапрыемстваў, накіраваных на ўдасканаленне сістэмы ядзернай і радыяцыйнай бяспекі і яе асобных кампанентаў на аснове міжнародных стандартаў бяспекі".
Беларусь прыняла ўжо шэраг місій МАГАТЭ, у тым ліку па лініі рэгулюючага органа ў галіне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі: місію па комплекснай ацэнцы рэгулюючай інфраструктуры ядзернай і радыяцыйнай бяспекі (місія IRRS) у 2016 годзе, па пытаннях аварыйнай гатоўнасці і рэагавання (місія EPREV) у 2018 годзе, па пытаннях уліку і кантролю ядзернага матэрыялу (місія ISSAS) у 2019 годзе. У краіне таксама адбыліся дзве місіі па комплекснай ацэнцы інфраструктуры ядзернай энергетыкі ў цэлым, уключаючы рэгулюючы складнік (місія INIR), у 2012 і 2020 гадах. У канцы 2021 года адбудзецца пост-місія IRRS, якая ацэніць прагрэс у справе выканання рэкамендацый місіі IRRS 2016 года.