10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прапануе Пакістану супрацоўніцтва ў распрацоўцы радовішчаў карысных выкапняў. Аб гэтым паведаміў сёння карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч перад пасяджэннем беларуска-пакістанскага дзелавога савета.
"Пакістан актыўна развівае буйныя інфраструктурныя праекты, якія датычацца ў тым ліку распрацоўкі радовішчаў, і ў Беларусі ёсць адпаведны вопыт і тэхналогіі. Акрамя таго, у Пакістане ёсць дэфіцыт электраэнергіі. Неабходна развіваць энергасеткі, і гэта таксама ніша для нашага супрацоўніцтва", - адзначыў Уладзімір Улаховіч.
Беларусь разлічвае нарасціць пастаўкі машынабудаўнічай тэхнікі ў Пакістан. "Па шэрагу беларускіх прадпрыемстваў ужо ёсць канкрэтныя дамоўленасці. Таксама абмяркоўваецца павелічэнне ўзаемных паставак прадуктаў харчавання. Лагістыка тут не вельмі простая. Вядуцца перагаворы аб павелічэнні паставак беларускага сухога малака і дзіцячага харчавання. Пакістан у сваю чаргу гатовы экспартаваць у Беларусь фрукты і агародніну. Мы разлічваем, што стварэнне пляцовак для ўзаемадзеяння дзелавых колаў і далейшае развіццё дагаворнай базы дадуць вынік", - сказаў намеснік старшыні БелГПП.
Сёння на пасяджэнні дзелавога савета пакістанскі бок прадстаўляюць кампаніі ў галіне нафтахіміі, экспартна-імпартных аперацый, машынабудавання, вытворчасці прадуктаў харчавання і іншыя. Уладзімір Улаховіч падкрэсліў, што Пакістан для Беларусі найважнейшы рынак у Азіяцкім рэгіёне. "Пакістан - шостая ў свеце краіна па колькасці насельніцтва. Важнасць інтэнсіфікацыі кантактаў з гэтай краінай трэба ацэньваць з улікам задачы па дыверсіфікацыі экспарту", - падкрэсліў ён.
Уладзімір Улаховіч нагадаў, што 11 жніўня праграму дзелавых мерапрыемстваў прадоўжыць беларуска-пакістанскі бізнес-форум і двухбаковыя перагаворы паміж прадстаўнікамі дзелавых колаў. Плануецца, што ў адкрыцці бізнес-форуму прыме ўдзел прэм'ер-міністр Пакістана Наваз Шарыф. З боку пакістанскіх кампаній ёсць зацікаўленасць ва ўстанаўленні дзелавых сувязей з беларускімі прадпрыемствамі ў сферы хімічнай, тэкстыльнай прамысловасці (рэалізацыя бавоўны, тканін, матэрыялаў), машынабудавання (закупка прамысловай, кар'ернай і сельскагаспадарчай тэхнікі, запасных частак да беларускай тэхнікі). Патэнцыяльных партнёраў цікавіць таксама перапрацоўка і рэалізацыя сыравіны для будаўнічай галіны і экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі (агародніны, фруктаў, бабовых і збожжавых культур, рысу, алею).
На працягу апошніх васьмі гадоў аб'ём двухбаковага гандлю Беларусі з Пакістанам вагаўся ў межах $50-120 млн у год. Асноўнымі экспартнымі артыкуламі з'яўляюцца трактары (адзін з асноўных рынкаў збыту па-за СНД), калійныя ўгнаенні, валокны сінтэтычныя, шыны, жгут сінтэтычных ніцей. Асноўныя артыкулы імпарту - рыс, палімеры стыролу, фрукты, харчовыя прадукты, вырабы са скуры, тканіны, тэкстыль.
У 2014 годзе аб'ём двухбаковага гандлю склаў $58,2 млн. Экспарт беларускіх тавараў у Пакістан - $42,6 млн (100,3 працэнта да 2013 года), імпарт - $15,6 млн (98,5 працэнта). У мінулым годзе назіралася істотнае павелічэнне паставак калійных угнаенняў (у 2 разы), частак і прылад для аўтамабіляў і трактароў (на 30 працэнтаў), жгута сінтэтычных ніцей (на 20 працэнтаў), нязначна (на 78 адзінак) знізіўся экспарт трактароў.
У студзені-маі 2015 года экспарт беларускіх тавараў у Пакістан склаў $19,3 млн (117,8 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года).