10 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прапануе Літве ўдзел у праектах па стварэнні вытворчасцей у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень". Аб гэтым паведаміў міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі на пасяджэнні беларуска-літоўскай камісіі па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладзімір Зіноўскі асабліва адзначыў добрасуседскі характар адносін Беларусі і Літвы і наяўнасць агульных эканамічных інтарэсаў. "Нягледзячы на ваганні знешнеэканамічнай кан'юнктуры, нашы краіны традыцыйна знаходзяцца ў ліку важных гандлёвых і інвестыцыйных партнёраў адзін для аднаго", - падкрэсліў ён.
У сувязі з гэтым міністр адзначыў своечасовасць абмеркавання ў фармаце пасяджэння камісіі далейшых крокаў па нарошчванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў такіх сферах, як інвестыцыі, сумесныя вытворчасці, сельская гаспадарка, нафтахімія, транспарт і высокія тэхналогіі. Уладзімір Зіноўскі нагадаў аб патэнцыяле індустрыяльнага парка "Вялікі камень" і магчымасці стварэння ў ім вытворчасцей - інтарэс да гэтага раней праявіў літоўскі бок. "Гэта адзін з напрамкаў, дзе мы можам дабавіць і дабіцца істотнага прагрэсу", - лічыць Уладзімір Зіноўскі.
Ён выказаў упэўненасць, што плённае абмеркаванне найбольш важных пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва дапаможа прыняць рашэнні, якія будуць адпавядаць інтарэсам Беларусі і Літвы, умацоўваць стабільнасць і супрацоўніцтва ў рэгіёне.
У сваю чаргу міністр эканомікі Літвы Эвалдас Густас падкрэсліў, што захаванне і пашырэнне канструктыўнага супрацоўніцтва будзе садзейнічаць развіццю эканомік дзвюх краін. "Беларусь з'яўляецца сапраўды вельмі важным гандлёва-эканамічным партнёрам Літвы", - сказаў Эвалдас Густас. На думку міністра, выпрацаваныя сёння на пасяджэнні камісіі прапановы будуць садзейнічаць устанаўленню новых кантактаў і партнёрскіх адносін.
Тавараабарот Беларусі і Літвы за студзень-верасень бягучага года склаў $906 млн, беларускі экспарт знізіўся на 10 працэнтаў. Пры гэтым, паводле слоў намесніка міністра замежных спраў Беларусі Аляксандра Гур'янава, у бягучым годзе колькасць таварных пазіцый, якія пастаўляюцца на рынкі абедзвюх краін, павялічваецца. Акрамя таго, Беларусь і Літва захоўваюць аб'ёмы транзітных аперацый. У Беларусі працуюць каля 600 кампаній, створаных з дапамогай літоўскага капіталу. У Літве з прыцягненнем беларускіх інвестыцый створана 250 прадпрыемстваў. "Узаемныя інвестыцыі размеркаваны па шэрагу сектараў - прамысловасць, будаўніцтва, дрэваапрацоўка, рознічны гандаль, энергетыка, транспарт і лагістыка", - адзначыў Аляксандр Гур'янаў.
Па выніках сённяшняга пасяджэння беларуска-літоўскай камісіі па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве падпісаны пратакол даручэнняў.
Беларуска-літоўская камісія па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве працуе ў адпаведнасці з пагадненнем паміж краінамі, падпісаным у 1994 годзе. На пасяджэннях камісіі разглядаюцца пытанні супрацоўніцтва ў сферы энергетыкі, транспарту і транзіту, турызму, рэгіянальнага супрацоўніцтва.