22 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская дэлегацыя на чале з міністрам прамысловасці Віталем Воўкам наведвае Анголу 19-23 лістапада. У час візіту абмяркоўваюцца магчымасці рэалізацыі сумесных праектаў у галіне машынабудавання і сельскай гаспадаркі, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.
"Галоўнай тэмай перагавораў стала актывізацыя ўсяго комплексу двухбаковых адносін, перш за ўсё ў гандлёва-эканамічнай сферы. Бакі наведалі Свабодную эканамічную зону Віяна, абмеркавалі перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва і канкрэтныя ініцыятывы беларускага боку па рэалізацыі сумесных праектаў у галіне машынабудавання і сельскай гаспадаркі", - расказалі ў дыппрадстаўніцтве.
У час візіту беларуская дэлегацыя правяла сустрэчы з міністрам замежных спраў Анголы Мануэлам Аўгушту, дзяржаўным сакратаром МЗС Тэтэ Антоніу,
міністрам прамысловасці Бернардай Марцінш, іншымі афіцыйнымі асобамі і прадстаўнікамі дзелавых колаў.Запланаваны сустрэчы беларускай дэлегацыі з кіраўніцтвам Міністэрства фінансаў і транспарту Анголы, горада Луанды.
У склад дэлегацыі ўвайшлі пасол Беларусі ў Анголе па сумяшчальніцтве Андрэй Молчан, прадстаўнікі беларускіх прадпрыемстваў, уключаючы ААТ "Амкадор", ААТ "МАЗ" і ААТ "МТЗ".