26 мая, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Беларусь прадставіць стратэгію дзяржаўна-прыватнага партнёрства на міжнародным кангрэсе "Дні ДПП" у Лондане. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам кіраўнік Цэнтра дзяржаўна-прыватнага партнёрства Дзмітрый Беразоўскі перад пачаткам канферэнцыі па прадстаўленні (прэзентацыі) мадэльнага закона для дзяржаў - удзельніц СНД "Аб публічна-прыватным партнёрстве", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Удзел Беларусі ў "Днях ДПП" у Лондане - гэта добрая магчымасць прадставіць сваю праграму і стратэгію развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства, у тым ліку арганізаваць роўд-шоу сваіх праектаў", - адзначыў Дзмітрый Беразоўскі. Паводле яго слоў, вызначыць, якія менавіта праекты будуць прадстаўлены на кангрэсе ў брытанскай сталіцы, плануецца ў пачатку чэрвеня. Цяпер абмяркоўваюцца вынікі іх тэхнічнай рэалізавальнасці.
Дзмітрый Беразоўскі канстатаваў, што анансаваць праекты пакуль рана. "Але дакладна ў тройку павінен увайсці праект па рэканструкцыі трасы М10. З двума іншымі інфраструктурны савет яшчэ павінен вызначыцца. На сённяшні дзень ёсць шэраг каментарыяў ад міжнародных экспертаў па іх мэтазгоднасці, па тэрмінах запуску. Зыходзячы з гэтай інфармацыі на інфраструктурнай нарадзе будуць прымацца рашэнні", - растлумачыў ён.
Міжнародны кангрэс "Дні ДПП" пройдзе ў Лондане 16-17 ліпеня. Беларусь атрымала ўнікальную магчымасць прадставіць тры інфраструктурныя праекты перад вядучымі сусветнымі інвестарамі пры падтрымцы праекта ЕС/ПРААН "Умацаванне нацыянальнага патэнцыялу ў галіне прымянення механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў Рэспубліцы Беларусь" і Еўрапейскай эканамічнай камісіі.