22 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Манголія заключылі міжурадавае генеральнае пагадненне аб прадастаўленні экспартнага крэдыту, якое дасць магчымасць забяспечыць пастаўкі ў Манголію беларускай тэхнікі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Дакумент падпісаны ў час візіту ў Манголію беларускай дэлегацыі, якую ўзначаліў намеснік міністра прамысловасці Аляксандр Агароднікаў. У склад дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі МТЗ, МАЗ, "Гомсельмаша", "Бабруйскаграмаша", "Магілёўліфтмаша", "Пажснаба" і Банка развіцця.
Члены дэлегацыі правялі сустрэчы з кіраўніцтвам Міністэрства харчавання, сельскай гаспадаркі і лёгкай прамысловасці, Міністэрства фінансаў, Міністэрства развіцця дарог і транспарту, Дзяржаўнага агенцтва па надзвычайных сітуацыях, мэрыі Улан-Батара, а таксама некалькіх мангольскіх кампаній, зацікаўленых у пастаўках беларускай тэхнікі.
"Прадугледжваецца, што ў бліжэйшыя гады бакі будуць прапрацоўваць пытанні паставак пажарнай, сельскагаспадарчай, камунальнай, дарожна-будаўнічай і дарожна-ўборачнай тэхнікі, пасажырскіх ліфтаў і чыгуначных вагонаў", - паведамілі ў ведамстве.
Бакі таксама ўзгаднілі тэрміны правядзення чарговага пасяджэння беларуска-мангольскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Яно пройдзе ў чэрвені бягучага года.