31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь выплаціла крэдыт стэнд-бай МВФ, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве фінансаў.
У Мінфіне праінфармавалі, што "31 сакавіка 2015 года Беларусь у мэтах выканання сваіх абавязацельстваў па крэдыце стэнд-бай МВФ ажыццявіла пагашэнне апошняй часткі асноўнага доўгу ў памеры 54,7 млн СДР, што эквівалентна $75,9 млн".
"Такім чынам, рэспубліка поўнасцю выканала свае абавязацельствы перад МВФ", - падкрэслілі ў міністэрстве.
Беларусь рэалізавала праграму стэнд-бай, падтрыманую крэдытам МВФ на $3,5 млрд, са студзеня 2009 года па красавік 2010-га. Гэта дало магчымасць краіне забяспечыць дадатную дынаміку па шэрагу пазіцый у эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы.
З 1992 па 2008 год Беларусь двойчы выкарыстоўвала фінансавыя рэсурсы МВФ: па лініі фонду сістэмных трансфармацый - $217,2 млн і па механізме стэнд-бай - $77,4 млн. У лютым 2005 года Беларусь поўнасцю пагасіла названыя крэдыты МВФ.
Дзейнасць МВФ у Беларусі накіравана на супрацоўніцтва з урадам і Нацыянальным банкам пры падрыхтоўцы праграм эканамічнай палітыкі з акцэнтам на падаткова-бюджэтную і грашова-крэдытную палітыку, абменны курс і гандлёвую палітыку з мэтай дасягнення значнага эканамічнага росту, нізкай інфляцыі і ўстойлівасці плацежнага балансу.
Міжнародны валютны фонд - спецыялізаваная ўстанова ААН са штаб-кватэрай у Вашынгтоне (ЗША). Афіцыйная дата стварэння МВФ - 27 снежня 1945 года. Беларусь з'яўляецца членам МВФ з 1992 года, яе квота на пачатак 2013 года складала 386,4 млн СДР ($542,1 млн).