5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь плануе размясціць еўрааблігацыі на $600 млн у першым паўгоддзі 2018 года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА міністр фінансаў Уладзімір Амарын у час прамой тэлефоннай лініі.
"Што датычыцца еўрааблігацый, то мы плануем размясціць іх у першым паўгоддзі бягучага года. Агульная сума размяшчэння еўрааблігацый на 2017-2018 гады планавалася ў памеры $2 млрд, з іх $1,4 млрд мы размясцілі ў 2017-м, адпаведна, ставім задачу выйсці з размяшчэннем $600 млн у першым паўгоддзі", - сказаў Уладзімір Амарын.
У 2017 годзе еўрабонды былі размешчаны двума траншамі даходнасцю на ўзроўні 7,125 працэнта і 7,625 працэнта.
Як паведамлялася, Беларусь не выключае магчымасці размяшчэння аблігацый у 2018 годзе на расійскім і азіяцкім рынках.