28 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь плануе падпісаць мемарандум з РФ аб супрацоўніцтве ў галіне выкарыстання мірнага атама ў пачатку 2024 года. Аб гэтым заявіла журналістам намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Таццяна Сталярова ў прэс-цэнтры БЕЛТА.
Паводле яе слоў, падрыхтавана дарожная карта па развіцці перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва з расійскім бокам у атамнай неэнергетычнай і няатамнай сферах. Яна зацверджана на ўзроўні ўрада і змяшчае шэраг мерапрыемстваў у галіне адытыўных тэхналогій, ядзернай медыцыны, утылізацыі адходаў, укаранення імпартазамяшчальнага праграмнага забеспячэння і інш. Як падкрэсліла Таццяна Сталярова, у Беларусі ёсць дастатковыя кампетэнцыі для рэалізацыі дамоўленасцей аб узаемадзеянні па гэтых напрамках.
"ДКНТ сумесна з дзяржкарпарацыяй "Расатам" распрацавалі праект мемарандума паміж урадамі Беларусі і Расіі па паглыбленні стратэгічнага супрацоўніцтва ў галіне выкарыстання атамнай энергіі ў мірных мэтах. Гэты дакумент прайшоў ужо ўнутрыдзяржаўнае ўзгадненне. Падпісанне гэтага мемарандума запланавана на пачатак 2024 года", - сказала Таццяна Сталярова.
Мемарандум прадугледжвае пашырэнне супрацоўніцтва ў галіне неэнергетычнага прымянення атамных тэхналогій, ядзернай медыцыны і вытворчасці медыцынскага абсталявання, лічбавізацыі, мадэрнізацыі прамысловых прадпрыемстваў, утылізацыі адходаў, вытворчасці дэтэктараў іанізуючага выпрамянення і інш.
Прадугледжваецца таксама прыняцце міжведамаснай комплекснай праграмы расійска-беларускага супрацоўніцтва ў галіне атамных неэнергетычных і няатамных праектаў. Праект праграмы праходзіць узгадненне і прадугледжвае распрацоўку новых праграм і праектаў Саюзнай дзяржавы.
У планах распрацоўка навукова-тэхнічнага праекта СД у галіне ядзернай медыцыны па таргетных радыефармпрэпаратах. Таксама распрацоўваецца сумесная прапанова па праграме Саюзнай дзяржавы па лічбавым развіцці: па яе выніках плануецца стварэнне агульнага праграмнага прадукту (разумны рэгіён, разумны горад, лічбавізацыя працэсаў у сферы кіравання маёмасцю, тэрытарыяльнага кіравання, кіравання гарадскім транспартам). Прадугледжваецца і прапрацоўка магчымасці сумеснай вытворчасці дэтэктараў іанізуючага выпрамянення і кампанентаў да іх.
Акрамя таго, вывучаецца магчымасць перааснашчэння анкацэнтраў Беларусі і прадпрыемстваў, будаўніцтва цэнтра тамаграфіі з цыклатронам, выкарыстання кампанентнай базы беларускай вытворчасці ў гама-тэрапеўтычных комплексах. Таксама ў планах стварэнне цэнтра адытыўных тэхналогій у Беларусі сумесна з "Расатамам".
Што датычыцца сумесных няатамных праектаў, прапрацоўваецца праектаванне і вытворчасць сістэм назапашвання энергіі, распрацоўка цягавых батарэй для электратранспарту, удзел беларускіх прадпрыемстваў у расійскім праекце па стварэнні электрамабіля "Атам".