16 сакавіка, Мінск /Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА/. Беларусь плануе падпісаць дагавор аб экспартным крэдытаванні з Ашчадным банкам Расіі. Гэта вынікае з пастановы Савета Міністраў нумар 184 ад 10 сакавіка 2015 года, якая сёння афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Дакументам адобраны праект дагавора паміж урадам Беларусі і адкрытым акцыянерным таварыствам "Ашчадны банк Расіі" аб умовах выдачы крэдытаў для набыцця ў РФ тавараў, вырабленых у Беларусі.
Упаўнаважанымі на правядзенне перагавораў з расійскім бокам вызначаны Міністэрства фінансаў сумесна з Міністэрствам прамысловасці Беларусі. Яны ж упаўнаважаны на падпісанне дагавора, пасля чаго гэтыя ведамствы павінны будуць забяспечыць яго рэалізацыію.
Банкам-агентам па выкананні дагавора з выплатай яму ўзнагароджання ў памеры не большым за 0,02 працэнта сумы, што падлягае кампенсацыі Беларуссю, за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту будзе адкрытае акцыянернае таварыства "БПБ-Ашчадбанк".
Каменціруючы гэту пастанову, ва ўрадзе адзначылі, што ў Беларусі дзейнічаюць некалькі фінансавых механізмаў стымулявання экспарту прадукцыі беларускіх арганізацый. Адзін з іх рэалізуецца ў адпаведнасці з указам ад 24 верасня 2009 г. нумар 466. Механізм экспартнага крэдытавання ў адпаведнасці з гэтым указам стварае канкурэнтныя ўмовы рэалізацыі прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў на рынках Расійскай Федэрацыі і дае магчымасць канчатковым спажыўцам набываць высокаэфектыўную, складанатэхнічную прадукцыю і тэхніку беларускай вытворчасці. Схема падтрымкі экспарту ў рамках указа дае магчымасць атрымаць эканамічны эфект у выглядзе нарошчвання экспартных паставак, своечасовага паступлення валютнай выручкі на рахункі прадпрыемстваў, загрузкі вытворчых магутнасцей айчынных прадпрыемстваў, якія не толькі ўдзельнічаюць у рэалізацыі праграмы, але і працуюць з імі па ўнутрыгаліновай кааперацыі.
ААТ "Ашчадны банк Расіі" - буйнейшы банк у РФ, на долю якога прыпадае каля 27 працэнтаў актываў расійскай банкаўскай сістэмы. Заснавальнікам і асноўным акцыянерам ААТ з'яўляецца Цэнтральны банк Расійскай Федэрацыі.
За перыяд дзеяння праграмы льготнага крэдытавання закупак беларускай тэхнікі ў 2009-2014 гадах у рамках рэалізацыі ўказа ад 24 верасня 2009 нумар 466 пры ўдзеле ААТ "Ашчадны банк Расіі" і ААТ "Банк ЗГБ" па даных на люты бягучага года падведамаснымі арганізацыямі ў Расійскую Федэрацыю пастаўлена звыш 13,6 тыс. адзінак тэхнікі. У тым ліку ў 2014 годзе з крэдытаваннем у ААТ "Ашчадны банк Расіі" рэалізавана 1 974 адзінкі тэхнікі.