27 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь плануе нарасціць экспарт прадуктаў харчавання да $8 млрд да 2025 года. Аб гэтым журналістам на VI Міжнародным форуме "Беларусь мясная" заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло.
"З 1995 года дзякуючы мадэрнізацыі нам удалося павялічыць вытворчасць малака ў 1,5 раза, а вытворчасць мяса - фактычна ў 2 разы. Сёння мы поўнасцю забяспечылі рынак прадуктамі харчавання, а нашы прадпрыемствы працуюць стабільна. У лінейцы нашай вытворчасці больш за 1,5 тыс. найменняў малочнай прадукцыі і больш за 1 тыс. мясной. У мінулым годзе экспарт беларускай прадукцыі склаў $6,7 млрд. У пастаўках прадуктаў харчавання збояў не назіраецца, своечасова праводзіцца пасяўная кампанія", - расказаў міністр.
Таксама ён заявіў, у гэтым годзе па выніках двух месяцаў на экспарт ужо было пастаўлена прадукцыі на $1 млрд. Паводле яго слоў, гэта дае нам перадумовы да таго, што да канца бягучага года Беларусь перасягне парог $7 млрд.
"Па выніках 2021 года наша краіна знаходзілася на 36-м месцы са 113 дзяржаў свету згодна з глабальным індэксам харчовай бяспекі. Тым не менш мы прадаўжаем расці і рухацца наперад. Мы хочам вывесці наш аграпрамысловы комплекс на новы ўзровень развіцця. У гэтай пяцігодцы мы плануем павысіць вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі на 14 працэнтаў, а ў 2025 годзе атрымаць 9,2 млн т малака і 2,1 т мяса. А экспарт прадукцыі вывесці на ўзровень $8 млрд", - заявіў Ігар Брыло.