12 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь плануе экспартаваць прадукты харчавання на рынкі розных краін Афрыканскага кантынента. Аб гэтым заявіў журналістам намеснік прэм'ер-міністра Леанід Заяц, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Зімбабвэ для нас новы рынак. Сёння мы робім першыя крокі і пачынаем супрацоўніцтва з нашым партнёрам. Адзначу, што супрацоўніцтва з Афрыкай не заканчваецца на Зімбабвэ. Там пражывае больш за 1 млрд насельніцтва, таму мы плануем выходзіць на рынкі розных краін гэтага кантынента. У гэтым нас нічога сёння не стрымлівае. Пры гэтым Беларусь прапануе свае тэхналогіі па перапрацоўцы і прыгатаванні прадукцыі", - сказаў Леанід Заяц.
Віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што Беларусь пастаўляе харчовую прадукцыю на Афрыканскі кантынент, але ў нязначных аб'ёмах. "Лагістыка паміж нашымі краінамі сапраўды дарагая, але мы будзем абмяркоўваць спосабы яе патаннення. Аб'ёмы вытворчасці харчовых тавараў у Беларусі нарошчваюцца, таму трэба, каб прадукцыя хутчэй разыходзілася, а выручка хутчэй даходзіла да вытворцы сыравіны", - дадаў намеснік прэм'ер-міністра.
Паводле яго слоў, Беларусь супрацоўнічае з Афрыкай і ў прамысловым сектары. Так, на кантынент прадаюцца беларускія трактары, кормаўборачныя і збожжаўборачныя камбайны, тэхніка МАЗа і БЕЛАЗа.
У Мінсельгасхарчы праходзяць перагаворы з зімбабвійскай дэлегацыяй на чале з намеснікам міністра сельскай гаспадаркі, рыбалоўства, водных рэсурсаў і сельскага развіцця Зімбабвэ Вангеліс Харытатас. У сустрэчы прымаюць удзел вядучыя мяса-малочныя вытворцы нашай краіны. Акрамя таго, у міністэрстве для замежнай дэлегацыі арганізавана выстаўка харчовай прадукцыі.