Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

11 Крс 2019

Беларусь плануе да канца года падпісаць з Сусветным банкам крэдытныя пагадненні на $300 млн

Беларусь плануе да канца года падпісаць з Сусветным банкам крэдытныя пагадненні на $300 млн

11 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разлічвае да канца 2019 года падпісаць крэдытныя пагадненні па трох новых праектах з Сусветным банкам. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства эканомікі.

У час візіту ў Вашынгтон на штогадовыя вясеннія пасяджэнні саветаў кіраўнікоў МВФ і Групы Сусветнага банка беларуская дэлегацыя на чале з міністрам эканомікі Дзмітрыем Крутым правяла сустрэчу з віцэ-прэзідэнтам Сусветнага банка па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі Сірылам Мюлерам.

Бакі абмеркавалі бягучы інвестыцыйны партфель банка ў Беларусі, які налічвае 8 інвестпраектаў на агульную суму каля $790 млн. Была адзначана высокая якасць бягучага партфеля і эфектыўнае асваенне выдзеленых сродкаў. "Акрамя таго, бакі абмяняліся меркаваннямі аб ходзе падрыхтоўкі новых інфраструктурных праектаў у сферы адукацыі, энергаэфектыўнасці і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Чакаецца, што крэдытныя пагадненні па трох названых праектах могуць быць падпісаны да канца 2019 года. Сума інвестыцый банка можа скласці прыкладна $300 млн", - расказалі ў прэс-службе.

У ліку перспектыўных напрамкаў далейшага супрацоўніцтва названа магчымасць пачатку падрыхтоўкі новых праектаў у галіне энергаэфектыўнасці ў сацыяльнай сферы, мадэрнізацыі дзяржаўных фінансаў, транспартнай сферы і іншых прыярытэтных галінах.

Акрамя пытанняў інвестыцыйнага партфеля бакі таксама абмеркавалі ход падрыхтоўкі дарожнай карты павышэння эфектыўнасці нацыянальнай эканомікі. У прыватнасці, адзначана агульнае бачанне пытанняў развіцця і падтрымання стабільнасці фінансавага сектара, павышэння ўстойлівасці дзяржаўных фінансаў і ўдасканалення палітыкі кіравання дзяржаўным доўгам. Банкам выказана меркаванне аб неабходнасці правядзення больш глыбокіх структурных пераўтварэнняў у рэальным сектары з адначасовым узмацненнем сістэмы сацыяльнай абароны і сацыяльнай дапамогі, а таксама ў сектары энергетыкі, у тым ліку ў частцы зніжэння субсідзіравання тарыфаў на цеплазабеспячэнне.

Беларускі бок праінфармаваў аб планах урада прадоўжыць работу па падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, укараненні карпаратыўнага кіравання ў сектары дзяржаўных прадпрыемстваў, а таксама ўзмацненні сацыяльнай абароны насельніцтва, асабліва на рэгіянальным узроўні. У частцы зніжэння субсідзіравання тарыфаў на цеплазабеспячэнне будзе прадоўжана планамерная работа ў рамках рашэнняў, прынятых кіраўніком дзяржавы.

У сваю чаргу з боку банка было падкрэслена, што ў мэтах забеспячэння доўгатэрміновага ўстойлівага росту эканомікі Беларусі могуць спатрэбіцца дадатковыя меры па зніжэнні фіскальных рызык, якія фарміруюцца ў сектары дзяржаўных прадпрыемстваў.

9-14 красавіка беларуская дэлегацыя знаходзіцца з візітам у Вашынгтоне ў рамках штогадовых вясенніх пасяджэнняў саветаў кіраўнікоў МВФ і Групы Сусветнага банка, дзе акрамя традыцыйных сустрэч з кіраўніцтвам Групы Сусветнага банка і МВФ запланаваны сустрэчы з кіраўніцтвам Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця і іншыя сустрэчы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі