14 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская харчовая прадукцыя будзе пастаўляцца на в'етнамскі рынак. Дамоўленасць аб гэтым дасягнута ў час візіту ў В'етнам дэлегацыі беларускіх прадпрыемстваў харчовай прамысловасці на чале са старшынёй канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Аляксандрам Забелам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Візіт арганізаваны пры садзейнічанні пасольства Беларусі ў В'етнаме. Прайшоў беларуска-в'етнамскі бізнес-форум на базе В'етнамскай гандлёва-прамысловай палаты, адбылася дэгустацыя беларускай прадукцыі. Праведзены перагаворы ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі В'етнама і ў шэрагу буйных в'етнамскіх гандлёвых кампаній, у тым ліку "Хапро", "В'ет Ха".
У час сустрэч з кіраўніцтвам кампаніі "Карлсберг В'етнам" падпісаны кантракт на пастаўку доследнай партыі піваварнага соладу ААТ "Белсолад" у В'етнам. Зацікаўленасць у імпарце высакаякаснага беларускага соладу таксама выказалі іншыя буйныя в'етнамскія вытворцы піва, у тым ліку "Хабеко" і "В'ет Ха".