27 сакавіка, Ашхабад /Алена Прус - БЕЛТА/. Беларусь паставіць у Туркменістан 550 адзінак тэхнікі МАЗ. Аб гэтым паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін, падводзячы вынікі рабочага візіту беларускай дэлегацыі ў Туркменістан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У 2013 годзе пастаўкі беларускай тэхнікі ў Туркменістан былі значнымі - больш як 2,5 тыс. адзінак, потым адбыўся спад. Пастаўлена задача перавысіць паказчык 2013 года, сказаў віцэ-прэм'ер.
Паводле яго слоў, завяршаецца будаўніцтва сэрвіснага цэнтра беларускай тэхнікі ў Ашхабадзе. Гэта выхад на новы, больш высокі ўзровень: тут будуць ажыццяўляцца не толькі продажы, але і суправаджэнне тэхнікі якасным абслугоўваннем на ўвесь перыяд эксплуатацыі.
Анатоль Калінін падкрэсліў, што значна палепшылася якасць беларускай тэхнікі, што пастаўляецца ў Туркменістан. Перагледжана яе камплектацыя з улікам прапаноў туркменскіх партнёраў. "Клімат тут асаблівы, умовы даволі складаныя, таму мы пайшлі насустрач нашым туркменскім партнёрам і ажыццявілі пэўныя пераўтварэнні пры вытворчасці тэхнікі, арыентаванай на гэты рынак, - растлумачыў віцэ-прэм'ер. - Улічылі пажаданні аграрыяў па камплектацыі тэхнікі, шлейфе машын, іх аснашчэнні кандыцыянерамі і г.д."
Беларуская тэхніка запатрабавана - гэта адзначае і прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў. "Дэхкане хочуць карыстацца нашай тэхнікай, яны аддаюць ёй перавагу перад еўрапейскімі брэндамі", - сказаў Анатоль Калінін.
У Туркменістане адкрываюцца два сэрвісныя цэнтры па абслугоўванні беларускай тэхнікі. Плануецца, што такія цэнтры на працягу двух-трох гадоў з'явяцца ў кожным рэгіёне гэтай краіны.
Акрамя таго, дадаў віцэ-прэм'ер, прапануюцца гібкія схемы продажаў: у арэнду, з адтэрміноўкай плацяжоў, таварныя крэдыты і іншыя прывабныя ўмовы пастаўкі.
Безумоўна, канкурэнцыя на рынку Туркменістана павялічваецца. Гэта вымушае беларускі бок прадаваць больш якасную прадукцыю. "Мы прапануем тое, чаго няма ў канкурэнтаў: сэрвіс, шырокая сетка па абслугоўванні тэхнікі, пастаўцы запчастак, па навучанні. Тут выйграе комплекс прапаноў", - лічыць віцэ-прэм'ер. Ён лічыць, што беларуская тэхніка мае прыярытэтнае становішча на рынку Туркменістана. "Поспех будзе дасягнуты ў самы бліжэйшы час", - выказаў надзею Анатоль Калінін.