11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Палата прадстаўнікоў прыняла сёння законапраект "Аб ратыфікацыі Рамачнага пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Паўночнай экалагічнай фінансавай карпарацыяй", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як растлумачыў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Віктар Валюшыцкі, Беларусь працуе з гэтай карпарацыяй яшчэ з 2007 года. "Сённяшняя ратыфікацыя рамачнага пагаднення дасць магчымасць працаваць у іншым ракурсе, у іншым прававым полі. Гэта арганізацыя атрымлівае статус міжнароднай фінансавай арганізацыі на тэрыторыі Беларусі, надзяляецца пэўнымі правамі, паўнамоцтвамі. Пашыраецца спектр разглядаемых пытанняў", - сказаў дэпутат.
Ён таксама паведаміў, што цяпер беларускі бок і згаданая карпарацыя прапрацоўваюць 12 праектаў на
$9,3 млн. Таксама плануецца ажыццявіць яшчэ прыкладна 20 праектаў на суму $100 млн. Яны будуць датычыцца сферы ЖКГ, экалогіі, энергаэфектыўнасці і г.д.