21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь падпісала рамачнае пагадненне з Паўночнай экалагічнай фінансавай карпарацыяй, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства эканомікі.
Подпісы пад дакументам паставілі міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі і кіруючы дырэктар Паўночнай экалагічнай фінансавай карпарацыі Магнус Рыстэтс.
Бакі маюць намер стварыць аснову для доўгатэрміновага супрацоўніцтва ў працэсе выкарыстання фінансавых сродкаў, што прадастаўляюцца карпарацыяй для ажыццяўлення экалагічных праектаў, цікавых для Беларусі і дзяржаў - членаў аб'яднання.
Паўночная экалагічная фінансавая карпарацыя створана ў якасці міжнароднай фінансавай установы, што дзейнічае на падставе дагавора паміж Даніяй, Ісландыяй, Нарвегіяй, Фінляндыяй і Швецыяй аб Паўночнай экалагічнай фінансавай карпарацыі ад 6 лістапада 1998 года. Яе мандат, мэты і задачы - пашырэнне інвестыцый экалагічнага характару ва Усходняй Еўропе, якія ўяўляюць цікавасць для Паўночнага рэгіёна, шляхам удзелу ў фінансаванні інвестыцый у гэтых краінах.
Карпарацыя падтрымлівае як прыватныя, так і дзяржаўныя праекты па скарачэнні выкідаў і скідвання забруджвальных рэчываў, скарачэнні эўтрафікацыі Балтыйскага мора і процідзеянні змяненню клімату. Фінансуюцца розныя прыродаахоўныя мерапрыемствы, якія садзейнічаюць паляпшэнню экалагічнай абстаноўкі ў Паўночнай Еўропе. Дапамога аказваецца эканамічна рэнтабельным прыродаахоўным праектам, што выконваюцца ва Усходняй Еўропе, галоўным чынам у Расіі, Украіне і Беларусі. Партфель карпарацыі змяшчае каля 400 малых і сярэдніх праектаў рознай тэматыкі.