16 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па выніках Міжнароднай выстаўкі-канферэнцыі ў галіне высокіх тэхналогій eMerge Americas, якая прайшла ў Маямі 12-13 чэрвеня, беларускія арганізацыі і ўстановы вышэйшай адукацыі падпісалі восем пагадненняў аб навукова-тэхнічным, інавацыйным і адукацыйным супрацоўніцтве. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.
У прыватнасці, ААТ "КБТЭМ-ОМА" заключыла пагадненні з амерыканскімі кампаніямі па рэалізацыі шагавых рухавікоў і стварэнні ўстаноўкі кантролю паўправадніковых пласцін. Пагадненне ў галіне распрацоўкі і сумеснай вытворчасці вырабаў медыцынскага прызначэння падпісаў тэхнапарк БНТУ "Палітэхнік". БДУ, БДУІР і БНТУ падпісалі пагадненні па студэнцкім абмене і выкананні сумесных праектаў.
На міжнароднай выстаўцы-канферэнцыі eMerge Americas Беларусь упершыню прадставіла нацыянальную экспазіцыю з больш як 80 высокатэхналагічнымі і навукаёмістымі распрацоўкамі Мінадукацыі, НАН Беларусі, Парка высокіх тэхналогій па актуальных тэматычных напрамках. Узначальваў беларускую дэлегацыю старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандр Шумілін.
eMerge Americas - міжнародная платформа для пашырэння тэхналогій і абмену ідэямі. Арганізатары нацыянальнай экспазіцыі Беларусі - Дзяржкамітэт па навуцы і тэхналогіях пры садзейнічанні адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій, Міністэрства адукацыі, Міністэрства прамысловасці, МЗС, БелГПП, НАН Беларусі, Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн.