Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

8 Ліс 2016

Беларусь па выніках 2016 года плануе экспартаваць сельгаспрадукцыі на $2,1 млрд

8 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь па выніках 2016 года плануе экспартаваць сельгаспрадукцыі на $2,1 млрд, паведаміў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў пасля ўрачыстага адкрыцця міжнароднай спецыялізаванай аптовай выстаўкі-кірмашу "Прадэкспа-2016", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Паводле аператыўных даных, за 10 месяцаў па экспарце атрымалася вельмі нядрэнная дынаміка. У грашовым выражэнні экспарт у нас склаў 99,3 працэнта да ўзроўню мінулага года, гэта прыкладна $1,9 млрд. Па выніку года план у 100 працэнтаў мы перавыканаем, чакаем $2-2,1 млрд", - растлумачыў Аляксей Багданаў і паведаміў, што ў натуральным выражэнні Беларусь ужо нарасціла аб'ёмы экспарту (мяса - на 17 працэнтаў, малочнай прадукцыі - на 4 працэнты). "Калі мы засталіся б на тым узроўні па экспарце ў натуральным выражэнні, што і ў мінулым годзе, то мы недабралі б сотні мільёнаў долараў. А так, за 9 месяцаў у нас дадатковая экспартная выручка складае амаль $100 млн", - расказаў ён.

Пры гэтым Аляксей Багданаў адзначыў, што ёсць праблемы ў тым плане, што большасць прадпрыемстваў "затрымаліся на расійскім рынку". "Яны лічаць, што туды лёгка і проста пастаўляць прадукцыю, а значыць не трэба рухацца далёка. Так разважаць нельга, гэта мысленне ўчарашняга дня. Сёння мы павінны думаць аб дыверсіфікацыі нашага экспарту і выкарыстоўваць любую магчымасць, каб выйсці на іншы рынак. Расія ўкладвае велізарныя грошы ў рост уласнай вытворчасці. І мы павінны думаць, куды нашу прадукцыю паставіць", - падкрэсліў ён.

Начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча паведаміў, што ў гэтым годзе ўжо ёсць першыя вынікі па дыверсіфікацыі экспарту, з'явіліся яшчэ дзве краіны, з якімі пачала гандляваць Беларусь. "Пакуль гэта маленькія аб'ёмы, але мы паступова выходзім на новыя рынкі, а выхад на новы рынак звязаны з тратамі - гэта і зніжэнне цэн для ўваходу ў рынак, і маркетынгавыя даследаванні, маркетынгавыя платы ў магазінах. Трэба разумець, што гэта шлях няпросты, але мы вымушаны па ім ісці. Калі мы сёння гэтага не зробім, заўтра апынёмся з лішкамі прадукцыі, якую няма куды будзе прадаваць", - канстатаваў ён.

Паводле слоў Аляксея Багданава, добрыя вынікі паказвае работа з рынкамі Афрыкі і Азіі. "Напрыклад, мы пачалі пастаўкі мяса птушкі па праграме ААН з камбіната "Дзяржынскі" ў Кенію і Нігер. З пачатку лета паставілі ўжо 8 кантэйнераў па 26 т. Акрамя таго, з 5 кастрычніка пачаў працаваць дагавор аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і В'етнамам. Абнуліліся пошліны, і цяпер неабходна актыўна прасоўваць сваю прадукцыю на гэты рынак. Нядаўна адтуль вярнулася дэлегацыя, якую ўзначальваў віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка. У час візіту абмяркоўвалася пытанне паставак у В'етнам нашай малочнай і мясной прадукцыі", - расказаў ён.

Прадстаўнік Мінсельгасхарча таксама нагадаў, што актыўна рэалізуюцца праекты з Кітаем. "Мы сертыфікавалі 34 малочныя прадпрыемствы на кітайскі рынак, акрамя таго, завяршылася інспекцыя нашых мясакамбінатаў, якую праводзіў ветэрынарны сертыфікуючы орган Кітая. І мы чакаем, што па выніках гэтай інспекцыі будуць адкрыты нашы прадпрыемствы па пастаўках ялавічыны. Таксама актыўна працуем над пашырэннем паставак мяса птушкі ў ЕС", - паведаміў ён.

Амаль 220 экспанентаў з 10 краін - Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Латвіі, Грэцыі, Сірыі, Малдовы, Грузіі, Італіі - удзельнічаюць у 22-й Міжнароднай спецыялізаванай аптовай выстаўцы-кірмашы "Прадэкспа", якая адкрылася сёння ў Мінску. Выстаўка будзе праходзіць па 11 лістапада.

"Прадэкспа-2016" арганізавана пры садзейнічанні міністэрстваў сельскай гаспадаркі і харчавання, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, канцэрна "Белдзяржхарчпрам", Мінгарвыканкама, Белкаапсаюза.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі