6 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь настойвае на поўнай адмене выключэнняў і абмежаванняў у гандлі ўнутры ЕАЭС. Гэта вынікае з апублікаванага на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства агляду вынікаў знешняй палітыкі Беларусі і дзейнасці Міністэрства замежных спраў у 2015 годзе, паведамляе БЕЛТА.
"З 1 студзеня 2015 года ўступіў у дзеянне Дагавор аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), членамі якога на працягу года сталі Арменія і Кыргызстан. Беларусі выпала ганаровая і адказная місія першай прыняць старшынства ў кіруючых органах ЕАЭС. Вынікі нашай работы атрымалі высокую ацэнку партнёраў па інтэграцыі, - адзначаецца ў аглядзе. - У той жа час не ўдалося дабіцца прарыву ў вырашэнні ключавога пытання - поўнай адмены выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі. Гэта прадмет для інтэнсіўнай дзейнасці Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі другога склікання, якая пачне сваю работу з лютага 2016 года".
Разам з тым у ходзе рэалізацыі ініцыятыў беларускага старшынства прыняты Асноўныя напрамкі прамысловага супрацоўніцтва ў рамках саюза, зацверджана Канцэпцыя фарміравання агульнага электраэнергетычнага рынку, прыняты пакет неабходных заканадаўчых актаў для забеспячэння функцыянавання з 1 студзеня 2016 года адзінага рынку лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў. Па ініцыятыве Беларусі створаны новы кансультацыйны фармат па каардынацыі макраэканамічнай палітыкі з удзелам кіраўнікоў нацыянальных банкаў, міністэрстваў фінансаў і эканомікі.
Актыўна развівалася міжнароднае супрацоўніцтва ЕАЭС. У ходзе беларускага старшынства падрыхтавана памятная запіска "Еўразійскі эканамічны саюз - Еўрапейскі саюз: контуры супрацоўніцтва", якая перададзена ў Еўрапейскую камісію. Міністэрствам замежных спраў падрыхтавана комплекснае прэзентацыйнае выданне "40 пытанняў аб Еўразійскім эканамічным саюзе", разлічанае на шырокую міжнародную аўдыторыю. Падпісана пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з В'етнамам. Прынята рашэнне кіраўнікоў дзяржаў ЕАЭС аб пачатку перагавораў з Кітаем па заключэнні пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве, з Ізраілем - па заключэнні пагаднення аб ЗСГ. Вядзецца экспертная работа па спалучэнні ЕАЭС і Эканамічнага пояса Шаўковага шляху.