10 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспарт айчынных сыроў на Сахалін за студзень-кастрычнік павялічыўся ў 2,5 раза. Такая інфармацыя прагучала ў час пасяджэння сумеснай рабочай групы па развіцці супрацоўніцтва Беларусі з Сахалінскай вобласцю, якое прайшло ў Мінсельгасхарчы ў фармаце відэа-канферэнц-сувязі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе сельскагаспадарчага ведамства.
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Ліневіч як старшыня беларускай часткі рабочай групы па развіцці супрацоўніцтва нашай краіны з расійскім рэгіёнам правёў перагаворы з намеснікам старшыні ўрада Сахалінскай вобласці Антонам Зайцавым. Нягледзячы на аддаленасць рэгіёна і складаную лагістыку, аб развіцці ўзаемадзеяння сведчыць дадатная дынаміка тавараабароту.
Так, па выніках студзеня-кастрычніка 2024 года харчовы тавараабарот вырас на 37,9 працэнта да ўзроўню аналагічнага перыяду 2023 года, у тым ліку экспартныя пастаўкі прыраслі на 10,6 працэнта. У прыватнасці, толькі экспарт беларускіх сыроў на Сахалін вырас у 2,5 раза.
"Нягледзячы на дадатную дынаміку тавараабароту, нашай прыярытэтнай задачай застаецца забеспячэнне нарошчвання ўзаемных паставак прадукцыі, уключаючы прамыя. Упэўнены, што наша пасяджэнне і рашэнні, якія будуць прыняты, прывядуць да павелічэння ўзаемнага гандлю не толькі ў бягучым годзе, але і будуць садзейнічаць іх росту ў 2025-м", - не сумняваецца Анатоль Ліневіч.
У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў і дзелавых колаў Беларусі і Сахаліна. Бакі дэталёва абмеркавалі пытанні бягучых і перспектыўных дамоўленасцей, падтрымаўшы практыку ўзаемных візітаў дэлегацый для пашырэння ўзаемадзеяння па ключавых напрамках.