4 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь можа стварыць першы ў Манголіі малочны кластар. Аб гэтым паведаміў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з міністрам замежных спраў Манголіі Дамдзіны Цогтбаатарам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"З улікам увагі, якая ўдзяляецца ўрадамі нашых краін развіццю сельскай гаспадаркі, вялікія перспектывы мае ўзаемадзеянне ў галіне раслінаводства, жывёлагадоўлі, ветэрынарыі. Цяпер намі вывучаецца магчымасць рэалізацыі комплекснага праекта па стварэнні беларускім бокам першага ў Манголіі малочнага кластара", - адзначыў Андрэй Кабякоў. Беларускі бок таксама гатовы падзяліцца сучаснымі тэхналогіямі па перапрацоўцы, захоўванні і вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.
Акрамя таго, Беларусь зацікаўлена ў нарошчванні паставак у Манголію сельскагаспадарчай і спецыяльнай тэхнікі, а таксама пасажырскіх аўтобусаў, камунальнай тэхнікі, абсталявання і тэхналогій.
Прэм'ер-міністр прапанаваў асаблівую ўвагу ўдзяліць праектам вытворчай кааперацыі. Беларускі бок гатовы ствараць з мангольскімі партнёрамі сумесныя прадпрыемствы па выпуску прадукцыі машынабудавання.
Ёсць узаемная зацікаўленасць у супрацоўніцтве ў галіне прадухілення надзвычайных сітуацый, перспектывы ў галіне гуманітарнага ўзаемадзеяння: навуцы, адукацыі, культуры і спорце.
Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што Беларусь удзяляе асаблівую ўвагу развіццю адносін з краінамі Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна і разглядае Манголію ў якасці перспектыўнага партнёра. У 2017 годзе адзначалася 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. "Можна з упэўненасцю сказаць, што за мінулую чвэрць стагоддзя мы захавалі дружалюбныя адносіны, узаемную павагу і партнёрства, заклаўшы тым самым добры фундамент для далейшага развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва", - заявіў кіраўнік беларускага ўрада.
"Відавочна, што ў Беларусі і Манголіі яшчэ шмат нявыкарыстаных магчымасцей для супрацоўніцтва, і задача ўрадаў абедзвюх дзяржаў - не прапусціць гэтыя магчымасці, стварыць умовы для іх увасаблення ў канкрэтныя ўзаемавыгадныя эканамічныя праекты. Мы гатовы да абмеркавання любых напрамкаў супрацоўніцтва", - рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.
Дамдзіны Цогтбаатар адзначыў, што Манголія даражыць шматгадовымі адносінамі з Беларуссю і гатова далей развіваць супрацоўніцтва. У Манголіі цэняць беларускія брэнды, і гэта сведчыць шмат аб чым, упэўнены кіраўнік МЗС.