3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Магчымасці падключэння Беларусі да інфраструктурных праектаў у Аўстраліі абмяркоўваліся ў час візіту ў Канберу дырэктара дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці МЗС Рамана Собалева і начальніка ўпраўлення Азіі, Аўстраліі і Акіяніі Андрэя Грынкевіча. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
У час візіту 2-3 мая праведзены сустрэчы з кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў і гандлю Аўстраліі, Міністэрства інфраструктуры і рэгіянальнага развіцця, Аўстралійскай гандлёвай камісіі (Austrade), Аўстралійскай гандлёва-прамысловай палаты, Нацыянальнай федэрацыі фермераў Аўстраліі, Савета па мінеральных рэсурсах.
"Аўстралійскаму боку прадстаўлена інфармацыя аб экспартным патэнцыяле і інвестыцыйным клімаце Беларусі, абмеркаваны магчымасці пашырэння двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, у тым ліку падключэння краіны да інфраструктурных праектаў у Аўстраліі. Асобна разгледжаны пытанні, якія датычацца працэсу ўступлення Беларусі ў СГА", - праінфармавалі ў прэс-службе МЗС.
У Міністэрстве замежных спраў і гандлю Аўстраліі таксама праведзены перагаворы па пытаннях палітычнага парадку дня двухбаковых адносін і абмеркаваны перспектывы кантактаў на розных узроўнях.