23 сакавіка, Мінск /Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА/. Беларусь мае намер збалансаваць тавараабарот з Арэнбургскай вобласцю. Такія планы агучыў сёння прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на сустрэчы з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Юрыем Бергам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нас з вамі даволі добры аб'ём узаемнага гандлю. Быў час, калі ён дасягаў $1 млрд, - адзначыў прэм'ер-міністр. - Цяпер узаемны гандаль скараціўся ўдвая (амаль $543 млн па выніках 2014 года. - Заўвага БЕЛТА), але ва ўсякім выпадку мы для сябе ставім сур'ёзную задачу, каб у максімальнай ступені аб'ём тавараабароту збалансаваць".
Зрабіць гэта, на думку прэм'ер-міністра, можна, у прыватнасці, за кошт актывізацыі прамкааперацыі. Яшчэ адзін з напрамкаў - вытворчасць сельгастэхнікі. Тут, паводле слоў Андрэя Кабякова, Беларусь гатова ўлічваць усе прапановы і заўвагі расійскіх партнёраў (калі такія будуць). "У цэлым жа мы стараемся прапаноўваць на знешні рынак тое, што прайшло даволі сур'ёзную апрабацыю на нашым унутраным рынку", - падкрэсліў кіраўнік урада. Ён звярнуў увагу, што сёння беларуская тэхніка поўнасцю канкурэнтаздольная - і па цане, і па якасці.
Улічваючы амбіцыйныя планы Арэнбургскай вобласці ў галіне малочнай жывёлагадоўлі, Беларусь таксама гатова прапанаваць шэраг сур'ёзных напрацовак у гэтай сферы. "Думаю, цікавым будзе напрамак па гарадскім і прыгарадным транспарце, - прадоўжыў Андрэй Кабякоў. - У нас ёсць добрыя магчымасці па пасажырскай аўтобуснай тэхніцы (як на дызельным, так і на газаматорным паліве)".
Падзяліцца сваім вопытам беларускі бок таксама гатовы ў галіне будаўніцтва. Размова ідзе аб комплексным развіцці сельскіх населеных пунктаў. "Мы ўжо маем у гэтым пэўны вопыт і можам зрабіць так, каб гэта ў максімальнай ступені было эфектыўна і з мінімальнымі затратамі", - адзначыў прэм'ер-міністр.