16 лютага, Слуцк /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь мае намер выйсці на кітайскі рынак і з цукровай прадукцыяй. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час сустрэчы з работнікамі дражджавога завода і цукрова-рафінаднага камбіната ў Слуцку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Кітай адкрыў свой рынак для беларускай мясной і малочнай прадукцыі, плануецца наладзіць пастаўкі і па цукру.
Асобна закрануў Прэзідэнт тэму рэалізацыі вырабляемай у Беларусі прадукцыі і дыверсіфікацыі рынкаў збыту. Закранаючы пытанне экспарту цукру, ён адзначыў, што "рынак вельмі насычаны, і гэта істотна збівае цэны". Высокі канкурэнтны фактар уплывае і на тое, што некаторыя вытворцы дзейнічаюць не зусім сумленнымі метадамі.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён вырашыў асабіста азнаёміцца з сітуацыяй на прадпрыемстве, існуючымі праблемамі, укараненнем прагрэсіўных тэхналогій. На думку кіраўніка дзяржавы, Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат - лепшы з чатырох у сваёй галіне. "Ваша прадпрыемства мацнейшае", - заўважыў ён.
Кіраўніцтва прадпрыемства ў сваю чаргу запэўніла Прэзідэнта ў тым, што праблем з рэалізацыяй цукровай прадукцыі быць не павінна, для гэтага прымаюцца неабходныя меры.