11 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад Беларусі адобрыў праекты дагавораў з ТАА "БЕЛАЗ-24" (РФ) і ТАА "ТэхнаЛізінг" аб прадастаўленні ў Расіі і Казахстане на ўмовах фінансавай арэнды тавараў, вырабленых у нашай краіне. Аб гэтым гаворыцца ў пастановах Савета Міністраў Беларусі нумар 284 і нумар 285 ад 6 красавіка 2016 года, апублікаваных на Нацыянальным прававым партале, паведамляе БЕЛТА.
Дакументы прыняты ў адпаведнасці з указам нумар 466 "Аб некаторых мерах па рэалізацыі тавараў, вырабленых у Рэспубліцы Беларусь" ад 24 верасня 2009 года. На правядзенне перагавораў з расійскай і казахстанскай кампаніямі аб падпісанні адпаведных дагавораў упаўнаважаны міністэрствы прамысловасці і фінансаў Беларусі. Ім дазволена пры неабходнасці ўносіць змяненні і дапаўненні ў дагавор, якія не маюць прынцыповага характару.
ААТ "БПБ-Ашчадбанк" вызначана банкам-агентам па выкананні ўмоў дагавораў з выплатай яму ўзнагароджання ў памеры не больш як 0,02 працэнта сумы, якая падлягае кампенсацыі Беларуссю, за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на гэтыя мэты.
Пастановы ўступаюць у сілу з дня іх прыняцця.
ТАА "БЕЛАЗ-24" уваходзіць у лік прадпрыемстваў дылерскай сеткі на тэрыторыі Расіі беларускага вытворцы - ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг" (вытворца кар'ерных самазвалаў вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці).
Таварыства з абмежаванай адказнасцю "ТэхнаЛізінг" займаецца прадастаўленнем паслуг фінансавага лізінгу ў Казахстане. Цэнтральны офіс кампаніі, якая наладзіла цесныя кантакты з прадстаўнікамі вядучых айчынных вытворцаў тэхнікі і абсталявання, а таксама з замежнымі кампаніямі-вытворцамі, размешчаны ў Астане.