29 жніўня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой сустрэўся з назначаным паслом Анголы ў Беларусі (з рэзідэнцыяй у Маскве) Аўгушту да Сілва Кунья, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускай дыпмісіі.
Бакі абмеркавалі пытанні развіцця палітычнага дыялогу, гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння і гуманітарнага супрацоўніцтва, арганізацыі ўзаемных візітаў. "Дзмітрый Крутой адзначыў, што Беларусь разглядае Анголу як сябра і аднаго з перспектыўных партнёраў на Афрыканскім кантыненце. Пасол Беларусі выказаў меркаванне, што імпульсам для развіцця супрацоўніцтва можа стаць правядзенне чарговых кансультацый паміж знешнепалітычнымі ведамствамі Беларусі і Анголы, у рамках якіх будуць вызначаны далейшыя напрамкі двухбаковага ўзаемадзеяння. У кантэксце развіцця гандлёва-эканамічных сувязей Дзмітрый Крутой абазначыў зацікаўленасць беларускага боку ў нарошчванні паставак у Анголу беларускіх прадуктаў харчавання, сельскагаспадарчай і кар'ернай тэхнікі", - расказалі ў прэс-службе.
Пасол Беларусі прапанаваў завяршыць работу па падрыхтоўцы двухбаковага пагаднення аб стварэнні міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. "Гэта ідэя была поўнасцю падтрымана яго ангольскім калегам", - адзначылі ў прэс-службе.
"Кіраўнікі дыпмісій Беларусі і Анголы ў Маскве пацвердзілі ўзаемную гатоўнасць да прадаўжэння работы па пашырэнні дагаворна-прававой базы, арганізацыі візітаў прадстаўнікоў ведамстваў і дзелавых колаў, развіцця кантактаў паміж краінамі на розных узроўнях", - рэзюмавалі ў прэс-службе.