14 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь мае намер больш актыўна заваёўваць рынкі збыту халяльнай прадукцыі, паведаміў сёння журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У гэтым годзе Беларусь пашырае сваю прысутнасць на рынках Пакістана, В'етнама, ЗША, краін Блізкага Усходу і Сярэдняй Азіі. У канцы мая экспазіцыя краіны будзе прадстаўлена на маштабнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Іране - гэты рынак таксама перспектыўны для Беларусі. "Геаграфія шырокая, і мы будзем працаваць на гэтых рынках. Месца для нашай прадукцыі ёсць - неабходна прабівацца, больш смела заходзіць на гэтыя рынкі, яны ўяўляюць вялікую цікавасць для нас", - дадаў Леанід Заяц.
Міністр таксама закрануў тэму ўступлення Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Паводле яго слоў, гэта адкрые шырокія магчымасці для пастаўкі беларускай прадукцыі на новыя рынкі.
Паводле слоў Леаніда Зайца, сертыфікацыю на выраб халяльнай прадукцыі ў Беларусі прайшлі чатыры мясакамбінаты, некалькі прадпрыемстваў малочнай галіны і птушкафабрыкі.