1 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь гатова забяспечыць Таджыкістан тэхнікай і зацікаўлена ў прамых пастаўках баваўнянага валакна. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на перагаворах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гатовы ў поўнай меры забяспечыць патрэбнасці Таджыкістана ў аўтамабільнай тэхніцы, дарожна-будаўнічай, кар'ернай і іншай, якая вам неабходна", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што ў Таджыкістане вядзецца вялікая работа ў сферы гідраэнергетыкі, у горназдабыўной галіне. Беларускі бок шчыра рады таму, што будаўніцтва Рогунскай ГЭС выйшла на завяршальны этап. "Спадзяёмся, нашы аб'екты гаспадарання не застануцца ўбаку і прымуць самы актыўны ўдзел у рэалізуемых вамі праектах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што вялікае значэнне надаецца развіццю эканамічных сувязей. "У гэтым годзе ўдалося дабіцца павелічэння тавараабароту, арганізаваць у горадзе Гісары зборачную вытворчасць сельгастэхнікі Мінскага трактарнага завода і "Бабруйскаграмаша". Гэта добрая аснова для таго, каб рухацца далей", - лічыць беларускі лідар.
"Мы можам пашырыць наменклатуру вырабляемай прадукцыі ў Гісары за кошт камунальнай, будаўнічай і пажарнай тэхнікі. Трэба стварыць на базе гэтага зборачнага прадпрыемства шматфункцыянальны цэнтр, які забяспечыць комплексны падыход да сумеснага выпуску машын, - сказаў Прэзідэнт. - Тут акрамя зборкі павінны вырашацца пытанні гарантыйнага і сэрвіснага абслугоўвання, якаснага навучання мясцовых спецыялістаў".
З улікам беларускага вопыту ёсць таксама гатоўнасць на базе аднаго з прафесійна-тэхнічных ліцэяў Таджыкістана адкрыць рэсурсны цэнтр, які садзейнічаў бы павышэнню кваліфікацыі і перападрыхтоўцы людзей па рабочых спецыяльнасцях.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за апошні час нямала зроблена для якаснага абнаўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Душанбэ. У бягучым годзе грамадскі транспарт таджыкскай сталіцы быў аснашчаны распрацаванай у Беларусі аўтаматызаванай сістэмай аплаты і кантролю праезду. Узаемадзеянне ў гэтай галіне Беларусь гатова прадаўжаць. "У беларускіх прадпрыемстваў вялікі вопыт вытворчасці аўтобусаў, тралейбусаў, камунальных машын. Шырокая геаграфія паставак і станоўчыя водгукі спажыўцоў даюць магчымасць смела прапаноўваць гэту прадукцыю нашым сябрам. Дарэчы, мне сёння гаварыў і Прэзідэнт, што наша машынабудаванне карыстаецца вялікім попытам у рэгіёне", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У Мінску апрабуецца новы экалагічна чысты від грамадскага транспарту - электробус, які дэманструе добрыя тэхніка-эканамічныя паказчыкі. Таджыкскія профільныя ведамствы запрошаны азнаёміцца з яго эксплуатацыйнымі магчымасцямі. "Тым больш літаральна праз год-два ў вас з'явяцца лішкі электраэнергіі", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу беларускі бок зацікаўлены ў прамых пастаўках высакаякасных прадуктаў з Таджыкістана. "Вашага баваўнянага валакна. Разгледзім і іншыя прапановы вашых вытворцаў", - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным актыўна развіваць цесныя кааперацыйныя сувязі, выпускаць вырабы, якія карыстаюцца попытам, і прасоўваць іх на рынкі трэціх краін.
Бакі таксама вітаюць актыўныя кантакты на рэгіянальным узроўні, якія часта становяцца лакаматывам працэсу міждзяржаўнага супрацоўніцтва.
"Упэўнены, што ваш цяперашні візіт стане яшчэ адным крокам на шляху ўмацавання беларуска-таджыкскага ўзаемадзеяння, умацавання дружбы паміж нашымі народамі", - адзначыў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што Таджыкістан з'яўляецца для Беларусі дружалюбнай дзяржавай і надзейным партнёрам. "У нас з Прэзідэнтам Таджыкістана ўстанавіліся даўнія братэрскія, дружалюбныя, самыя цёплыя адносіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Нягледзячы на няпростыя ўмовы, ваша краіна развіваецца. Яна ўстае пасля таго крызісу, які мы з вамі перажылі. Таджыкістан удзельнічае ў рэалізацыі маштабных праектаў па будаўніцтве ліній электраперадачы, гідраэлектрастанцый, сучасным добраўпарадкаванні сталіцы рэспублікі - цудоўнага і любімага мною Душанбэ. Перакананы, што моцная эканоміка служыць гарантам бяспекі краіны, лепшым шчытом ад знешніх пагроз: тэрарызму, экстрэмізму і іншых негатыўных з'яў сучаснасці", - заявіў Прэзідэнт.