10 снежня, Ашхабад /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь гатова прымаць актыўны ўдзел у маштабных праектах мадэрнізацыі эканомікі Туркменістана. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках перагавораў са сваім туркменскім калегам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гурбангулы Бердымухамедаў прапанаваў беларускаму боку разгледзець магчымасць удзелу ў такіх праектах. "Калі вы знойдзеце сваё месца ў праектах, я буду гэта толькі вітаць", - сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка даручыў беларускай частцы міжурадавай камісіі вывучыць гэты напрамак супрацоўніцтва.
Беларусь гатова дапамагаць у рабоце па індустрыялізацыі краіны шляхам паставак сучаснай сельскагаспадарчай, аўтамабільнай, дарожна-будаўнічай, камунальнай і пасажырскай тэхнікі, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Туркменістан мае патрэбу ў ліфтавым і пуцявым абсталяванні, прадукцыі вагонабудавання. Гурбангулы Бердымухамедаў прапанаваў Беларусі пастаўляць гэту прадукцыю не толькі на рынак Туркменістана, але і суседнія. "Думаю, мы паглядзім і на суседні Іран, - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. - У нас ёсць такія магчымасці. Проста трэба варушыцца, каб актывізаваць супрацоўніцтва".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перагаворы мелі прадметны характар. Бакі асабліва адзначылі пазітыўны і плённы характар беларуска-туркменскіх кантактаў, якія, без сумнення, будуць прадоўжаны.
"Прыемна канстатаваць, што за адносна кароткі прамежак часу нашы краіны змаглі дасягнуць прыкметных поспехаў у развіцці эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва. Нам неабходна падтрымліваць гэты тэмп", - лічыць беларускі лідар.
На яго думку, перадумовы для нарошчвання і пашырэння спектра гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў краін ёсць.