11 мая, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь гатова падзяліцца з Туркменістанам вопытам падрыхтоўкі кадраў па рабочых спецыяльнасцях. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на перагаворах з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым у пашыраным складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"З улікам дынамічнага развіцця туркменскай эканомікі мы гатовы падзяліцца вопытам у падрыхтоўцы кадраў па рабочых спецыяльнасцях. Напрыклад, аказаць садзейнічанне ў павышэнні кваліфікацыі выкладчыцкага складу, праектаваць рэсурсныя цэнтры па падрыхтоўцы будаўнікоў на базе профільных навучальных устаноў Туркменістана", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, парадак дня двухбаковага супрацоўніцтва арганічна дапаўняе дыялог у сферы культуры. Жыхары Беларусі зноў рады сустрэчы з туркменскімі майстрамі мастацтваў. Традыцыі абмену Днямі культуры з'яўляюцца істотным фактарам умацавання дружалюбных адносін паміж двума народамі, перакананы кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў важнасць маючага адбыцца ўдзелу Гурбангулы Бердымухамедава ў адкрыцці комплексу будынкаў пасольства Туркменістана ў Мінску. "Гэта значная падзея пацвярджае высокі ўзровень даверу ў нашых адносінах", - лічыць Прэзідэнт. Ён выказаў упэўненасць у далейшым умацаванні беларуска-туркменскай дружбы і плённым узаемадзеянні па ўсіх напрамках супрацоўніцтва.