16 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова аператыўна рэагаваць на абмежаванні перавозак калійных угнаенняў праз Літву. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка пасля даклада кіраўніку дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нас у лютым было падпісана пагадненне з Расійскай Федэрацыяй. Мы фактычна з лютага на расійскія парты перавезлі каля аднаго мільёна тон нафтапрадуктаў. Адпаведна, у нас ёсць альтэрнатыва. Гэта парты Ленінградскай вобласці, Мурманска. Гэтыя схемы напрацаваны. Таму будзем вельмі аператыўна рэагаваць на змяненні або ўвядзенне якіх-небудзь дадатковых абмежаванняў у частцы перавозкі калійных угнаенняў", - сказаў Аляксей Аўраменка.
Як паведамлялася, схема альтэрнатыўнай пастаўкі беларускай прадукцыі на экспарт закраналася ў час рабочай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Аляксеем Аўраменкам. Гэта пытанне таксама было закранута ў час "Вялікай размовы з Прэзідэнтам" - сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, медыясферы і журналістамі 9 жніўня. Аляксандр Лукашэнка адказаў на пагрозы Літвы спыніць транзіт калійных угнаенняў. "Пачалі круціць-вярцець. Стрэлілі сабе ў нагу. А цяпер хочуць закрыць нам парты для таго, каб грузіць хімічныя калійныя ўгнаенні", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў такім выпадку Беларусь перанакіруе патокі ў іншыя парты - на тэрыторыі Расіі. "Мы паставім гэтыя аб'ёмы. У Мурманску загрузім. Гэта не праблема. І па паўночным марскім шляху найкарацейшым шляхам паставім у Кітай. Гэта наш асноўны рынак. І ў Індыю - паўднёвы ўсход, - адзначыў беларускі лідар. - Пакуль мы не загналі адзін аднаго ў вугал, выходзіць з гэтай сітуацыі трэба цяпер. Але мяч на тым баку".