19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь экспартуе сыры ў больш як 20 краін. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей Багданаў у час семінара для спецыялістаў перапрацоўчай галіны "Класічныя сыры - сучасныя падыходы".
"Беларусь займае 4-ы радок у сусветным рэйтынгу па экспарце сыроў - пасля Еўрапейскага саюза, ЗША і Новай Зеландыі. Сёння мы экспартуем нашы сыры ў 26 краін, будзем развіваць геаграфію паставак. За бліжэйшую пяцігодку плануем значна павялічыць вытворчасць малака - да 9,2 млн т у год. Будзе расці і вытворчасць сыроў. Сусветная статыстыка паказвае, што аб'ёмы гандлю гэтай прадукцыяй у свеце растуць, таму канкурэнцыя на сусветным рынку сур'ёзная. Трэба ўжо сёння думаць над разнастайнасцю, сачыць за сусветнымі трэндамі, глядзець, якія сыры больш купляюць, чаму аддаюць большую перавагу ў розных краінах", - сказаў Аляксей Багданаў.
У мінулым годзе ў Беларусі вырабілі 276 тыс. т сыру, з іх 230 тыс. т пастаўлена за мяжу. У I квартале бягучага года экспартавана 60,1 тыс. т сыроў (плюс 11,4 працэнта ў натуральным выражэнні ў параўнанні з аналагічным перыядам 2020-га). У планах далейшае нарошчванне паставак.
Што датычыцца ў цэлым экспарту сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання, то ў бягучым годзе плануецца выйсці на пастаўкі ў памеры $6 млрд, а да 2025 года - $7 млрд. Малочная прадукцыя традыцыйна займае ў беларускім экспарце прадуктаў харчавання каля 40 працэнтаў.
Семінар для спецыялістаў перапрацоўчай галіны "Класічныя сыры - сучасныя падыходы" праходзіць у Мінску пры падтрымцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. У дыскусіі ўдзельнічаюць прадстаўнікі 22 беларускіх малочных заводаў, сыраробы са шматгадовым стажам з краін ЕС, а таксама спецыялісты Усерасійскага навукова-даследчага інстытута масларобства і сыраробства.