27 студзеня, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Беларусь дабілася значнага паляпшэння ўмоў дзейнасці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (МСП). Такі вывад змешчаны ў дакладзе "Індэкс эканамічнай палітыкі ў сферы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва: краіны Усходняга партнёрства. Ход рэалізацыі Акта Еўропы аб малым бізнесе", прэзентацыя якога адбылася сёння ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У прыватнасці, у дакладзе гаворыцца, што работа апошніх гадоў прывяла да значнага паляпшэння ацэнак індэкса адносна ўмоў дзейнасці МСП, уключаючы працэдуры банкруцтва. Пэўнага поспеху ўдалося дабіцца і ў напрамках, якія датычацца чалавечага капіталу, - галоўным чынам дзякуючы паслядоўным дзеянням урада, накіраваным на прызнанне прадпрымальніцкага навучання адным з галоўных прыярытэтаў і ажыццяўленне канкрэтных праграм па ўдасканаленні прадпрымальніцкіх уменняў.
Пры гэтым у дакладзе падкрэсліваецца, што развіццё сектара МСП трэба разглядаць як складнік агульных мер па садзейнічанні развіццю прыватнага сектара ў цэлым, лібералізацыі эканомікі і павышэнні яе канкурэнтаздольнасці. З улікам гэтага стварэнне роўных умоў для ўсіх прадпрыемстваў, незалежна ад іх памеру і формы ўласнасці, стане для Беларусі залогам дасягнення ўстойлівага эканамічнага росту ў сярэдне- і доўгатэрміновай перспектыве.
Як адзначыў у прывітальным слове намеснік міністра эканомікі Беларусі Антон Кудасаў, гэта публікацыя з'яўляецца вынікам работы, праведзенай на працягу 2015 года з дзяржаўнымі органамі Беларусі, грамадскімі аб'яднаннямі прадпрымальніцтва сумесна з Арганізацыяй эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) і яе партнёрскімі арганізацыямі - Еўрапейскай камісіяй, Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскім фондам адукацыі.
"Ацэнка, дадзеная ў публікацыі, дае магчымасць вызначыць моцныя і слабыя бакі працэсу распрацоўкі і рэалізацыі палітыкі ў сферы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, супаставіць вопыт і вынікі работы, устанавіць прыярытэты і вызначыць ступень адпаведнасці прынцыпам Акта Еўропы аб малым бізнесе", - сказаў ён. Паводле слоў намесніка міністра, у публікацыі дадзены рэкамендацыі па ўсіх напрамках развіцця сектара МСП, у тым ліку паляпшэнні інвестыцыйнага асяроддзя, развіцці інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва, доступе да фінансавання і развіцця чалавечага капіталу.
Антон Кудасаў канстатаваў, што супрацоўніцтва Беларусі з Еўрапейскай камісіяй і АЭСР будзе прадоўжана. У 2016 годзе запланавана рэалізацыя новага праекта - правядзенне калегіянальнай экспертнай ацэнкі на тэму "Паляпшэнне прафесійных навыкаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва пры дапамозе паслуг па падтрымцы прадпрымальніцтва ў Беларусі". "Гэты праект рэалізуецца пры падтрымцы АЭСР. Удзел нашай краіны ў гэтым праекце дасць магчымасць вывучыць перадавы вопыт, лепшыя практыкі, што праводзяцца на міжнародным і нацыянальным узроўнях, работы па адпаведным напрамку з мэтай іх уліку пры распрацоўцы і рэалізацыі рэформ у Беларусі", - лічыць ён.
Пры гэтым Антон Кудасаў падкрэсліў, што не ўсё ў гэтай сферы супрацоўніцтва залежыць ад Беларусі. Паводле яго слоў, прадукты дзейнасці малога і сярэдняга бізнесу, тавары і паслугі, якія вырабляюцца, аб'екты інтэлектуальнай уласнасці патрабуюць тавараабмену. "Калі мы не будзем сумесна працаваць над паляпшэннем умоў гандлю, умоў абмену таварамі і паслугамі, развіццё малога і сярэдняга бізнесу і яго інтэрнацыяналізацыя будуць непаўнацэннымі. У сферы тавараабмену, гандлёвых пагадненняў, іх выканання на Еўрапейскім кантыненце з-за многіх палітычных падзей не ўсё добра - тавараабмен паміж ЕС і Еўразійскай прасторай апошнім часам сутыкаецца з шэрагам праблем", - канстатаваў ён. Антон Кудасаў выказаў надзею, што Беларусь садзейнічае вырашэнню гэтых праблем, а не іх прымнажэнню. "Спадзяёмся, што ўмовы для тавараабмену ў рамках нашага супрацоўніцтва будуць выпрацоўвацца і ажыццяўляцца. Выказваю надзею на прадаўжэнне плённага супрацоўніцтва ў сумесных праектах па падтрымцы МСП", - падагульніў ён.