1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь да канца 2018 года плануе паставіць у Расію больш за 3,5 млн т малака. Гэта прадугледжана прагнознымі балансамі попыту і прапанавання Саюзнай дзяржавы, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей Багданаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь і Расія ўзгаднілі прагнозныя балансы попыту і прапанавання Саюзнай дзяржавы наконт мяса, малака і цукру. Засталася афіцыйная цырымонія падпісання, якая зафіксуе ўсе дасягнутыя дамоўленасці. Яна плануецца ў час бліжэйшай сустрэчы на ўзроўні міністраў сельскай гаспадаркі дзвюх краін. Наконт сухога абястлушчанага малака мы дамовіліся аб пастаўках 55 тыс. т з Беларусі ў Расію, наконт сухога натуральнага малака - 17 тыс. т. У цэлым на расійскі рынак у 2018 годзе плануецца паставіць больш за 3,5 млн т малака - гэта крыху больш за ўзровень мінулага года", - сказаў Аляксей Багданаў.
Згодна з прагнозным балансам попыту і прапанавання Саюзнай дзяржавы аб'ёмы паставак малочнай і мясной прадукцыі з Расіі ў Беларусь у 2018 годзе вырастуць. "Пастаўкі расійскай малочнай прадукцыі на беларускі рынак плануецца нарасціць на 24 працэнты ў параўнанні з узроўнем мінулага года, мясной прадукцыі - на 5,5 працэнта", - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ЗЭД.